
У Ашмянскім раёне моладзь і іншых заганяюць на збіранне камянёў. Пра такія працы расказала раённая газета “Ашмянскі веснік”.
Яшчэ з вясны такім чынам выконваюць даручэнне Лукашэнкі. Ён прылятаў у сакавіку ў раён на верталёце і вельмі абураўся, што палі засеялі, але перад гэтым не прыбралі ад камянёў. І тады на палі адправілі сотні людзей і разнастайную тэхніку. Камяні збіралі і па ўсёй краіне, адпраўляючы на палі школьнікаў, студэнтаў, настаўнікаў, вайскоўцаў, рабочых прадпрыемстваў, чыноўнікаў і нават засуджаных пад наглядам міліцыянтаў.
Як піша “Ашмянскі веснік”, у іх раёне “глебы адрозніваюцца камяністасцю, таму без збору камянёў у нас сяўба не пачынаецца”. Таму на палі перад восеньскай сяўбой зноў адправілі людзей — з прадпрыемстваў і арганізацый, грамадскіх аб’яднанняў і прафсаюзаў, нават работнікаў структурных падраздзяленняў райвыканкаму і раённага Савета дэпутатаў.

