
3 верасня старшыня Гарадзенскага аблвыканкаму Уладзімір Каранік даваў прэс-канферэнцыю для ўладных (а іншых у Гарадзенскай вобласці даўно няма) медый і прапагандыстаў. Гэта адбывалася з нагоды 80-й гадавіны ўтварэння Гарадзенскай вобласці.
“Губернатор” (так яго называюць русіфікаваныя дзяржаўныя медыі) хваліўся эканамічнымі дасягненнямі вобласці:
– Многія лічаць, што Гродзенская вобласць – лідар сельскагаспадарчай вытворчасці. – Хоць калі звярнуцца да сухіх лічбаў, сельскагаспадарчая вытворчасць у эканамічнай структуры Гродзеншчыны займае толькі каля чатырох працэнтаў, але калі сюды дадаць перапрацоўку прадуктаў харчавання, то лічба становіцца больш унушальная – каля 30 працэнтаў. У любым выпадку асноўны прамысловы патэнцыял Гродзенскай вобласці – гэта энергетыка. Дзякуючы рашэнню Кіраўніка дзяржавы і будаўніцтву атамнай станцыі рэгіён – абсалютны лідар па выпрацоўцы электраэнергіі.
Акрамя таго, Гродзенская вобласць – абсалютны лідар па вытворчасці мінеральных угнаенняў дзякуючы функцыянаванню “Гродна Азот”.
Гродзенская вобласць (паводле даных мінулага года) – гэта 23 працэнты валавога збору збожжавых усёй краіны, 29 працэнтаў збору рапсу, 33 працэнты збору цукровых буракоў. Гэта значыць кожны трэці кілаграм цукру ў краіне робіцца з цукровых буракоў, вырашчаных на Гродзеншчыне. 26,5 працэнта свініны вырабляюць менавіта гродзенскія прадпрыемствы (гэта кожны чацвёрты кілаграм свініны, які вырабляецца ў краіне). Мы займаем другое месца па вытворчасці малака ад адной каровы.
Па вытворчасці сінтэтычных нітак Гродзенская вобласць – таксама лідар. Развіта дрэваапрацоўка, шкляная прамысловасць. Практычна ўвесь крышталь, які вырабляецца ў краіне, – ад шклозавода «Neman».
