Наступную партыю палітвязняў рэжым Лукашэнкі плануе памілаваць да так званага “Дня народнага адзінства” — 17 верасня. Такую дату ў эфіры ў дзяржпрапагандыста Рыгора Азаронка назваў праўладны “палітолаг” Юрый Васкрасенскі.

Паводле яго, ад пачатку 2024 году Лукашэнка памілаваў ужо 80 палітвязняў.

“Зразумела, што гэты працэс не будзе бясконцы, але я думаю, мы ўшануем наша дзяржаўнае свята Дзень народнага адзінства — зробім яшчэ адзін крок па шляху зняцця канчатковага напружання ў нейкіх сацыяльных групах”, — заявіў Васкрасенскі.

А далей, паводле яго, трэба размаўляць з прадстаўнікамі заходніх дзяржаваў. Маўляў, хай яны прапануюць што-небудзь наўзамен “у адказ на такую ласку і дабрыню” з боку Лукашэнкі.

Таксама Васкрасенскі паведаміў, што палітвязні, памілаваныя Лукашэнкам, будуць выключаныя са спісаў экстрэмістаў і тэрарыстаў.

“Выхад паводле ўказа прэзідэнта — гэта не тое ж самае, што выхад па заканчэнні тэрміну. Ты як бы адразу выключаешся са спісаў экстрэмістаў, тэрарыстаў. Ты атрымліваеш магчымасць пачаць жыццё з чыстага аркуша”, — патэтычна заявіў ён.

Еўрарадыё