Паэт-лацініст эпохі Асвеініцтва, грамадскі дзеяч, манах, педагог Міхал Карыцкі нарадзіўся 7 верасня 1714 году ў маёнтку Дзітрыкі (Лідскі р-н).

Нарадзіўся ў спадчынным маёнтку ў шляхецкай сям’і. Бацьку звалі Аляксандрам, а маці Тарэзай; у элегіі «Да брата Караля» Міхал Карыцкі згадвае таксама сваіх братоў Анупрэя, Луку, Сымона, Андрэя і Караля, найбольш знакаміты з іх быў апошні, які зрабіў вялікі ўклад у распрацоўку тэорыі аратарскага мастацтва, абнаўленне сістэмы адукацыі.

Дзіцячыя гады Міхал правёў у маёнтку бацькоў, а затым быў выпраўлены на навучанне ў Бабруйскую езуіцкую рэзідэнцыю, пры якой існавала школа з класамі граматыкі, паэтыкі і рыторыкі. Яшчэ да гэтага прыватна або іншым шляхам ён павінен быў атрымаць пачатковую адукацыю. Выхаванне яго паэтычнага майстэрства адбывалася, відаць, ужо пазней — у Віленскай езуіцкай акадэміі на факультэце філасофіі і тэалогіі.

7 чэрвеня 1730 ў Вільні Міхал Карыцкі ўступае ў ордэн езуітаў. Паспяхова прайшоўшы выпрабаванні ў навіцыяце (1730—31), ён быў накіраваны ў Слуцк для атрымання педагагічнай адукацыі (1732—33). Тут пазнаёміўся з Антогам Скарульскім, разам з якім потым займаўся мадэрнізацыяй школьнай сістэмы. У 1733 паэт прыехаў у Вільню для вывучэння ў акадэміі курса філасофіі, які доўжыўся тры гады.

Пасля вучобы пакінуты ў акадэміі, дзе ў 1736—38 гг. выкладаў граматыку, паэтыку і рыторыку. У 1738 годзе яго перавялі ў Варшаўскі калегіум, які адміністрацыйна належаў да Літоўскай езуіцкай правінцыі, на пасаду выкладчыка паэтыкі. У гэтым жа калегіуме з 1739 ён становіцца студэнтам тэалагічнага факультэта. У 1742 М. Карыцкі вяртаецца ў Віленскую акадэмію, каб прадоўжыць тут вывучэнне тэалогіі. За год да заканчэння прыняў святарскі сан, а ў 1743 здаў іспыт за курс тэалогіі. Пасля ён мусіў яшчэ год быць у Вільні, каб падрыхтавацца да пастырскай і педагагічнай дзейнасці.

У 1744 яго накіроўваюць выкладчыкам паэтыкі і рыторыкі ў Менскі езуіцкі калегіум. А ў 1745—46 навуч. годзе ён зноў апынуўся ў Віленскай акадэміі, дзе выкладаў рыторыку і атрымаў ступень магістра філасофіі і вызваленых навук.

Дзеля выхавання кадраў маладых настаўнікаў М. Карыцкага накіравалі прафесарам у Слуцкую семінарыю, дзе ён працаваў два гады (1746—48). У 1748—50 ён знаходзіўся ў Пінскім калегіуме. Пасля атрымання ступені доктара філасофіі працаваў у Віленскай акадэміі прафесарам і сеньёрам філасофскага факультэта (1750—55), тут яго вучнем быў паэт Адам Нарушэвіч. У 1756—63 Міхал Карыцкі выкладаў у розных калегіумах Беларусі і Польшчы: Варшаве, Драгічыне, Менску, Нясвіжы. У 1763 годзе яго прызначылі рэктарам Варшаўскага калегіума. Пры яго рэктарстве дасягнуў росквіту і Варшаўскі свецкі калегіум для шляхты.

3 гэтага ж часу пачынаецца перыяд актыўнай паэтычнай творчасці Міхала Карыцкага: выходзяць асобнымі выданнямі эпіграмы да Младзяёўскага і на каранацыю Станіслава Аўгуста, элегія да Антонія Пшэздзецкага. А ў 1766 з’явіўся лацінскі зборнік Яна Яноцкага «Выбранае з польскай літаратуры», дзе былі надрукаваны дзве згаданыя эпіграмы і яшчэ шэсць новых твораў. Перадрукоўка ў зборніку раней апублікаваных вершаў сведчыць пра прызнанне таленту паэта, рост яго папулярнасці.

6 верасня 1766 Міхал Карыцкі заняў пасаду кіраўніка Мазавецкай правінцыі езуітаў. Падзяляў ідэі Асветніцтва; імкнуўся палепшыць сістэму адукацыі, надаць ёй больш свецкі характар. Пры падтрымцы брата Караля працаваў над удасканаленнем адукацыі. Увёў іспыты па прадмету і методыцы навучання для кандыдатаў у выкладчыкі, адмяніў састарэлы метад дыктавання лекцый і прадпісаў шырока выкарыстоўваць падручнікі. Клапаціўся пра забеспячэнне студэнцкіх бібліятэк, выпісваў кніжкі з-за мяжы. Вялікая ўвага звярталася і на маральнае выхаванне моладзі, асабліва вучняў, што жылі ў канвіктах (інтэрнатах).

У 1770 паэт пакінуў пасаду і ў 1770—71 выконваў абавязкі кансультанта ў Полацкім калегіуме, а затым быў пераведзены ў Бабруйск, дзе працаваў прапаведнікам і загадчыкам школьнай бібліятэкі. Прычына перамяшчэння М. Карыцкага магчыма абумоўлена тым, што яго актыўная асветніцкая дзейнасць не падабалася некаторым кансерватыўным колам езуітаў. Пасля скасавання (1773) Папам ордэна езуітаў Адукацыйная камісія прызначыла М. Карыцкага на пасаду прэфекта Мінскага калегіума, які неўзабаве быў пераўтвораны ў ваяводскую школу.

Міхал Карыцкі не пакідаў займацца паэзіяй. У 1771 выйшаў другі зборнік Яна Яноцкага «Новыя творы сармацкіх музаў», куды ўвайшлі пяць новых твораў паэта: панегірык, дзве элегіі і дзве эпіграмы. Забарона ордэна езуітаў вельмі ўразіла М. Карыцкага, як і тое, што расейская імператрыца Кацярына II дала выгнанцам з прытулак у Полацку, яго прыхільнасць да Расеі вылілася ў вершах, што склалі аснову пасмяротнага зборніка «Песні» (1817).

У Мінску асветнік працаваў да пенсіі, займаючыся школьнымі справамі. Яго новыя вершы, датаваныя 1780—81, былі надрукаваны, відаць, ужо пасля таго, як ён па стану здароўя пакінуў працу ў школе. У апошні год працы ў Мінскай ваяводскай школе паводле ўказу караля Станіслава Аўгуста М. Карыцкі быў узнагароджаны медалем Merentibus (заслужаны). Кароль прапанаваў яму выдаць збор твораў. Але ў 1780 здароўе Міхала Карыцкага значна пагоршылася, 13 чэрвеня ён па хваробе быў вызвалены ад пасады.

На пачатку наступнага года М. Карыцкаму была прызначана пажыццёвая пенсія, якая павінна была выплочвацца з 1 красавіка. Аднак 10 сакавіка 1781 жыццё паэта абарвалася. Cваю маёмасць Міхал Карыцкі ахвяраваў на патрэбы Мінскай школы, дзе выкладаў у апошнія гады.

Міхал Карыцкі — пачынальнік класіцызму як творчага метаду, яго паэзія паўплывала на лацінамоўную паэзію Рэчы Паспалітай эпохі Асветніцтва. Пісаў вершы, казкі, элегіі, пасланні, пародыі лацінскай мовай.

Большасць твораў прысвечана тагачасным грамадскім і культурным дзеячам, мясцовым падзеям. 3 літаратурнага боку найбольш цікавая сярод іх — эпічная паэма «Птушыны сейм». Яна напісана з нагоды абрання Станіслава Панятоўскага каралём Рэчы Паспалітай у 1764 годзе, відаць, адразу ж пасля элекцыі. Паэма ўяўляе разгорнутую алегорыю, дзе кароль паказаны ў выглядзе арла, а выбарчы сойм — у вобразе птушынага злёту.

Вядома 25 вершаваных твораў М. Карыцкага, выдадзеных прыжыццёва: 11 з іх выйшлі асобнымі выданнямі, 12 апублікаваны ў зборніках Яна Яноцкага, а 2 — асобна і ў зборніках Яноцкага. Мяркуючы па ўсім, вершы карысталіся папулярнасцю і выдаваліся вялікімі тыражамі. Творы арганічна ўліваліся ў літаратурны працэс у Рэчы Паспалітай, чыталіся тут, уплывалі на розум і пачуцці сучаснікаў. Першыя з яго датаваных вершаў былі, відаць, «Аўстрыйскі Марс» (1756—57) і «Дыфірамб» (1757), прысвечаныя Радзівілам. Апошні вядомы паэтычны твор, надрукаваны пры яго жыцці ў 1781, «Песня», адрасаваная Кацярыне ІІ. Аўтар элегій «Да Касакоўскага» і «Да брата Караля», прыродаапісальнай оды «Да Зімы». Некаторыя вершы былі апублікаваныя ў зборніку «Musarum Sarmaticarum specimina nova» (1771).