
У Беластоку ўвечары 8 верасня адзначылі 510-ыя ўгодкі славутай бітвы пад Воршай, калі войска ВКЛ разграміла захопнікаў-маскоўцаў. На акцыю сабралася больш 50 чалавек, пераважна прадстаўнікоў беларускай дыяспары на Падляшшы.
Гучалі патрыятычныя песні, а ў прамовах выступоўцаў галоўным лейтматывам быў успамін пра славутыя ліцвінска-беларускія старонкі вайсковай гісторыі і актуальнасць змагання супраць маскоўскай агрэсіі сёння.
Выступілі прадстаўнікі беларускай дыяспары Ян Абадоўскі, Васіль Калач, Сяргей Верамеенка, старшыня Беларускага саюзу ў Польшчы Яўген Вапа, прадстаўнік украінскай дыяспары Антон Галавач.












