Выязны суд над прадпрыемствам ЖКГ Гарадзенскай вобласці прайшоў на юрыдычным факультэце Гарадзенскага дзяржуніверсітэта, паведамляе тэлеканал “Гродна Плюс”.

Абласны камітэт аховы заўважыў, што выкіды з кацельні ЖКГ перавышаюць гранічна дапушчальную норму. Камунальнікі адмовіліся выплаціць суму шкоды, якая вымяралася дзясяткамі тысяч рублёў.

Суд разгледзеў высновы аналітычнага лабараторнага кантролю, якія пацвердзілі перавышэнне выкінутых у атмасферу шкодных рэчываў. Выявілася, што такая канцэнтрацыя звязаная з зносам катлоў, якія адслужылі больш за 10 гадоў. Самі катлы надалей лічацца бяспечнымі ў эксплуатацыі, таму тэрмін іх службы падаўжаецца. А вось датрымліваць высокія экалагічныя стандарты яны ўжо не могуць.

Суд прыйшоў да высновы, што факт шкоды навакольнаму асяроддзю даказаны. Камунальнікаў абавязалі выплаціць у бюджэт 64 тысячы рублёў. 

Апошнім часам гарадзенскія суды сталі практыкаваць выязныя судовыя паседжанні. Прычым так праходзяць і палітычна-рэпрэсіўныя працэсы. Так у чэрвені гэтага году на тым жа юрфаку ГрДзУ паказальна судзілі дзвюх дзяўчын, якія падпалілі чырвона-зялёны сцяг.