На сённяшняй сустрэчы з прадстаўнікамі “нацыянальных супольнасцяў”, якія жывуць у Беларусі, Лукашэнка заявіў, што палітвязень Андрэй Пачобут, маўляў, сам не хоча памяняць беларускую турму на Польшчу.

«Добра, забірайце. А ён кажа: «Я туды не паеду, мне не трэба», — цытуе Лукашэнку ягоная прэс-служба.

Няма інтарэсу забіраць Пачобута, як сцвярджае Лукашэнка, і ў польскіх уладаў:

«А яны і не хочуць яго забіраць. Проста гэта стала палітычнай разменнай манетай».

За кампанію дасталося і амерыканцам:

«Вы бачыце, што выкарыстоўваюць кожную нагоду для таго, каб абвастрыць адносіны. І палякам гэта не трэба, і цяперашняму кіраўніцтву Польшчы гэта не трэба. Яны гэта разумеюць. Але «дзядзька Сэм» прымушае. Амерыканцам трэба, каб тут, у Еўропе, была вайна. Тады яны будуць у фаворы».

Палітзняволены журналіст Андрэй Пачобут быў арыштаваны 25 сакавіка 2021 года, цяпер ён адбывае прысуджаны яму лукашэнкаўскім судом 8-гадовы тэрмін зняволення.

Раней пра тое, што Пачобута нібыта гатовыя былі выпусціць з умовай, што яго забярэ на тэрыторыі Беларусі сам міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі, казаў прапагандыст Юрый Васкрасенскі. Паводле каментара польскага МЗС, гэтая прапанова Васкрасенскага «не ўпісваецца ні ў адзін канон двухбаковых адносін».

Наша Ніва