У 2020 годзе палітвязню прысудзілі 5 гадоў зняволення, ён павінен быў выйсці з турмы 25 красавіка 2025 года. Але рэжым, відаць, не збіраецца выпускаць Міколу з турмы.

На палітзняволенага анархіста, аўтара «Новага Часу» Міколу Дзядка ў турме пачалі новую крымінальную справу. Пра гэта «НЧ» паведамілі нашы крыніцы. Крымінальная справа заведзеная па арт.411 Крымінальнага кодэкса — «Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы». Па гэтым артыкуле прадугледжана пазбаўленне волі на тэрмін ад аднаго да трох гадоў.

У чэрвені Міколу Дзядка і многіх іншых палітзняволеных гарадзенскай турмы № 1 адправілі ў ШІЗА. Як нам стала вядома, Мікола выйшаў адтуль толькі ў верасні. Акрамя гэтага, больш за год палітвязня ўтрымліваюць у адзіночнай камеры. За кратамі ён працягвае самаадукацыю, вывучае замежныя мовы, замаўляе кнігі. У Дзядка ёсць праблемы са здароўем: баліць страўнік, бывае галаўны боль.

“Новы час”