
У «Спіс экстрэмістаў» дадалі яшчэ 40 чалавек — цяпер у ім 4436 прозвішчаў
13 верасня МУС зрабіла традыцыйны пятнічны апдэйт «Пераліка грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці».
Сярод іншых, у спіс дадалі завочна засуджанага журналіста і праваабаронцу Уладзіміра Хільмановіча, палітзняволеную Наталлю Крук, якая адмовілася адказваць на пытанні прапагандыста Азаронка, а таксама музыку і прадпрымальніка Глеба Дудко.
Уладзімір Хільмановіч пракаментаваў гэты факт: “З юрыдычнага гледзішча – гэта чарговы поўны абсурд і нейкі сюррэалізм. Прысуд па маёй завочнай крымінальнай справе яшчэ не ўвайшоў у сілу, я яго абскарджваю ў судовым парадку, пададзена апеляцыйная скарга. Відавочна, што бюракраты МУС парушаюць сваё ж заканадаўства, але ў сітуацыі разбуранага прававога поля ўжо нічому не здзіўляешся”.
