Беларускі ўніяцкі духоўнік, грамадска-культурны дзеяч, філосаф, рэлігійны педагог Фабіян Абрантовіч нарадзіўся ў засценку Вераскава каля Наваградку.

Фабіян Абрантовіч паходзіў з мяшчанскай сям’і беларусаў-католікоў Янкі і Юліі (з дому Кашыцаў) Абрантовічоў – жыхароў Наваградчыны. Скончыў Наваградскую гарадскую трохкласную вучэльню. У красавіку 1902 года вытрымаў экзамен на званне аптэкарскага вучня пры экзаменацыйнай камісіі Пецярбургскай навучальнай акругі. А з восені таго ж года вучыўся ў Магілёўскай духоўнай каталіцкай семінарыі ў Пецярбургу. Пасля яе заканчэння, паступіў у Мітрапалітальную духоўную каталіцкую акадэмію. На трэцім курсе акадэміі быў пасвечаны ў святары. Выкладаў Закон Божы ў пецярбургскіх навучальных установах, а потым быў законавучыцелем прыватнай мужчынскай гімназіі пры рымска-каталіцкім касцёле Св. Кацярыны ў Пецярбургу.

У сакавіку 1912 года Фабіян Абрантовіч атрымаў дазвол на выезд з Расейскай імперыі ў Бельгію. Працягваў вучобу ў каталіцкім універсітэце ў г. Лёвен (1912-1914), дзе абараніў доктарскую дысертацыю па філасофіі. У лістах з Лёвена адзначаў не толькі высокі ровень ведаў выкладчыкаў і прафесараў каталіцкага ўніверсітэта, але таксама і глыбіню, неардынарнасць навуковых праграм, асабліва па філасофіі: “Чым больш знаходжуся ў Лёвене, тым больш з таго цешуся. І сам дзіўлюся, бо ніколі не быў вялікім аптымістам. А яшчэ хацеў бы застацца тут даўжэй”.

Пасля вяртання з Бельгіі Абрантовіч быў прыняты на пасаду прафесара духоўнай каталіцкай семінарыі ў Петраградзе, дзе выкладаў філасофію, сацыялогію і спевы. Адначасова выконваў абавязкі законавучыцеля ў Петраградскай Канстанцінаўскай жаночай гімназіі пры Імператарскім жаночым інстытуце. Пазней выкладаў Закон Божы ў 12-й Петраградскай гімназіі.

З беларускім нацыянальна-рэлігійным рухам быў звязаны з часу вучобы ў Пецярбургу. Належаў да культурна-асветнага гуртка беларусаў-клерыкаў. Разам са святаром Люцыянам Хвецькам заснаваў першую нацыянальна-рэлігійную арганізацыю Хрысціянская дэмакратычная злучнасць. Шырока выступаў у беларускіх перыядычных рэлігійных выданнях (“Krynica”, “Chryścijanskaja Dumka” і іншых). Быў адным з арганізатараў і ўдзельнікаў Першага з’езда беларускіх каталіцкіх святароў у Мінску ў 1917 годзе, дзе выступіў з рэфератам “Справа прасветная”. Сябра саюза ксяндзоў-беларусаў. Вясной 1918 года быў камандзіраваны адміністратарам Магілёўскай архідыяцэзіі біскупам Эдвардам Ропам у Менск, дзе быў адным з кіраўнікоў Хрысціянскай дэмакратычнай злучнасці ў Менску. Пры падтрымцы біскупа Лазінскага, ініцыятара адкрыцця Мінскай духоўнай каталіцкай семінарыі, абраны яе рэктарам.

З верасня 1919 года быў сябрам Рады Часовага Беларускага нацыянальнага камітэта ў Менску. Уваходзіў у склад дэлегацыі беларускіх дзеячаў, якую 19 верасня 1919 года прыняў у Менску Юзаф Пілсудскі. Планавалася, што ў Міністэрстве замежных спраў Беларускай Народнай Рэспублікі атрымае пасаду кіраўніка Місіі ў Рыме.

У Харбіне. Трэці злева Фабіян Абрантовіч, 1939 г.

У пачатку 1920-х гадоў Фабіян Акінчыц працаваў выкладчыкам эвакуяванай у Наваградак, а пазней у Пінск, каталіцкай семінарыі. З 1926 года – у ордэне айцоў марыянаў у Друі. Потым узначальваў каталіцкую місію ўсходняга абраду ў Маньчжурыі і Кітаі. Браў удзел у пасяджэннях Генеральнай капітулы марыянаў у Рыме.

Улетку 1939 года знаходзіўся ў Польшчы, дзе напрыканцы гэтага года быў арыштаваны савецкімі органамі бяспекі. Больш за 5 гадоў правёў у вязніцах. Пэўны час сядзеў у львоўскай турме. Дзікія, працяглыя праз усю ноч допыты. Адзін вязень пазней сведчыў: “Святара Абрантовіча клалі на зямлю, ставілі на яго крэсла і тапталіся па ім, а потым білі нагамі да крыві… Ён амаль заўсёды быў непрытомны пасля цяжкіх збіванняў на допытах, а калі ж да яго вярталася свядомасць, ён амаль безупынна маліўся, а разам з ім і ўсе ў камеры”. Потым яго перавезлі ў Маскву, дзе святар памёр ад катаванняў.

У Бутырскай турме

Цытата: У Харбіне, дзе тады працаваў 271 праваслаўны святар і было толькі 18 каталікоў усходняга абраду, Абрантовіч пісаў: “Я не наракаю – веру, што і тут Госпад нешта створыць. Хай я памру за гэтую справу, але праз 20-50-100 гадоў тут будзе лепш”.

Памяць: Месца пахавання невядома. Памяць пра Фабіяна Абрантовіча ў Беларусі не ўшанавана.