15 верасня пазначаны ў календары Рэспублікі Беларусь як Дзень бібліятэк. Усталяваны ён быў у 2001 годзе па ініцыятыве Беларускай бібліятэчнай асацыяцыі. Чыё ж імёны носяць бібліятэкі Гарадзенскай вобласці?

Гарадзенская абласная навуковая бібліятэка досыць даўно носіць імя акадэміка-славіста Яўхіма Карскага. Здаецца гэта сапраўды тая постаць, якая задавальняе бальшыню. Як ведама нарадзіўся заснавальнік навуковага беларусазнаўства ў маленькай мясцовасці Лаша, што непадалёк Гародні.

Гарадзенская гарадская бібліятэка мае імя драматурга Андрэя Макаёнка.

У раённых цэнтрах Гарадзеншчыны толькі тры бібліятэкі носяць імёны выдатных людзей нашай зямлі.

Шчучынская раённая бібліятэка носіць імя нашай пісьменніцы і грамадскай дзяячкі Цёткі (Алаізы Пашкевіч). Гэта слушна, паколькі наша асветніца жыла на зямлі Шчучыншчыны, а таксама знайшла на ёй свой апошні спачын. Пасля правядзення ў Шчучыне Дня беларускага пісьменства візуальнай беларушчыны ў горадзе пабольшала, але потым зноў пайшла хваля русіфікацыі.

Бераставіцкая раённая бібліятэка носіць імя Восіпа Кавалеўскага, выдатнага навукоўца. Земляка тут шануюць. Пару гадоў таму ў выніку працы супрацоўнікаў бібліятэкі быў выданы бібліяграфічны паказальнік працаў выбітнага гісторыка, філамата, аднаго з заснавальнікаў манголазнаўства.

Слонімская раённая бібліятэка мае імя агульнабеларускага класіка нашай літаратуры Якуба Коласа. Размешчана бібліятэка ў будынку былой гарадской ратушы.

12 раённых бібліятэк сучаснай Гарадзеншчыны ня маюць ніякіх імёнаў. Хоць вартых і творчых людзей, якія паходзяць ці звязаныя з гэтымі рэгіёнамі нямала. Прыкладам, Астравецкая бібліятэка магла б насіць імя Казіміра Сваяка, Ваўкавыская ці Зэльвенская – Ларысы Геніюш, Карэліцкая – Яна Чачота, Наваградская – Адама Міцкевіча, Смаргонская – Францішка Багушэвіча, Дзятлаўская – Ігната Дварчаніна, Ашмянская – Вінцука Адважнага і гэтак далей. Але сённяшнія ўлады зусім не дбаюць пра ўшанаванне выдатных асобаў нашай гісторыі.

Была спроба надаць Астравецкай раённай бібліятэцы імя Адама Мальдзіса, але гэтыя планы сарвала расейская шавіністка і даносчыца Ольга Бондарева.