
Вядомага беларускага журналіста-фрылансера Андрэя Мялешку разам з дачкой сёння не пусцілі ў Грузію, дзе ён пражыў апошнія некалькі гадоў. Яго непаўнагадовую дачку не аддалі маці. Сітуацыю Беларускаму Радыё Рацыя пракаментаваў праваабаронца Раман Кісляк:
РР: Па-першае, дзякуй за тую акцыю салідарнасці, якую вы зладзілі з прычыны затрымання Андрэя Мялешкі. Распавядзіце, што ўвогуле адбылося з Андрэем.
Раман Кісляк: Я зараз знаходжуся ў Тбілісі, і мы па-ранейшаму стаім у пікеце каля канцылярыі ўрада Грузіі. Я быў на сувязі з Андрэем. Ён прыляцеў начным рэйсам з Варшавы. У яго забралі пашпарт і адмовілі ва ўездзе. А дачку нібыта прапусцілі. Але калі яму адмовілі, то адмовілі і ёй. Іх размясцілі ў асобным пакоі, дзе ёсць ложкі, матрацы, але няма бялізны і няма ежы.
РР: Андрэй выкладваў фотаздымкі таго пакоя. Гэта сапраўды нагадвае нейкі ізалятар.
Раман Кісляк: Ну так, можа крыху лепшы, чым у турме. Невядома, як там можна было адпачыць. Калі я з ім камунікаваў, тады яму ні ежы, ні нават вады не прадставілі. Пасля таго як я з ім паразмаўляў, то яму прынеслі кавы і гарбаты. Гэта ўсё, што было днём. І затым, калі прыехала жонка Андрэя, яна хацела забраць дзяўчынку. Яна наняла адваката і з адвакатам паехала ў аэрапорт. Але адваката не пусцілі. Сказалі, што Андрэй ужо паляцеў. Я так разумею, што іх падманулі. Затым высветлілася, што ён нібыта не адляцеў. Дзе ён зараз – невядома. Таму што хутчэй усяго тэлефоны ў іх адабралі. Сувязі з ім няма.
РР: Так, не выходзіць на сувязь фактычна 6 гадзінаў. І вядома, што рэйс Кутаісі-Варшава адкладзены да поўначы. У 00.15 ён мусіць выляцець.
Раман Кісляк: Так. Рэйс некалькі разоў пераносілі. На ім павінен ляцець наш калега, ён кажа, што нейкі час там вакол самалёта былі паліцэйскія машыны. З чым гэта звязана – невядома. Затым рэйс адклалі адзін раз, другі, трэці і вось зараз чацвёрты раз.
РР: І ў аэрапорце ніхто нічога не тлумачыць пра перанос. І Андрэю Мялешку таксама нічога не патлумачылі прычыну ягонай дэпартацыі.
Раман Кісляк: Гэта стандарны адказ. Там бываюць розныя прычыны, і ставяць птушку калі канкрэтная прычына. Як правіла у нас пазначаюць «іншыя прычыны». Можна толькі здагадвацца, што гэта азначае.
РР: Таксама Андрэй паспрабаваў папрасіць вусна «міжнародны прытулак», калі ў яго ўжо забралі дакументы. Вы, як праваабаронца, як ацэньваеце дзеянні грузінскіх уладаў?
Раман Кісляк: Калі чалавека не пускаюць, то гэта ў рамках кампетэнцыі грузінскіх уладаў. Яны могуць не пусціць. Іншая справа, што прычыны не паведамляюць. Але калі чалавек папрасіў прытулак, то павінна пачацца працэдура, паводле канвенцыі «Аб статусе бежанца». Гэта ўжо міжнароднае заканадаўства. Павінна пачацца працэдура. Я так разумею, што вусна адмовілі ў такой працэдуры. І гэта і ёсць парушэнне.

Поўнасцю размова ў гукавым файле:
