
Наталлю Антонаву затрымалі падчас рэйда на салідарных з палітвязнямі і, падобна, нешта знайшлі ў яе гаджэтах.
Наталлі Антонавай 64 гады. Яна з Гародні. Наталля гандлявала вырабамі са скуры і футра ды купальнікамі ў гандлёвым цэнтры ў Гародні.
Наталлю ўпершыню затрымалі 17 лістапада 2022 года. Яе вінавацілі ва ўдзеле ў паслявыбарчых пратэстах у Гародні. Тады Антонавай прысудзілі тры гады хатняй хіміі.
Наступны раз яе затрымалі падчас рэйду на салідарных з палітвязнямі ў студзені 2024 году.
Спачатку праваабаронцы меркавалі, што Наталлю Антонаву вінавацяць у здрадзе дзяржаве, але гэта версія не пацвердзілася. Вядома, што пасля яе выпусцілі, але ў лютым 2024 года арыштавалі за «парушэнне рэжыму» і больш не выпусцілі.
Наталлю Антонаву абвінавачваюць па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса — «паклёп на Лукашэнку» (ч. 2 арт. 367 КК) і «распальванне варожасці» (ч. 1 арт. 130 КК). Суд над жанчынай пачнецца 4 кастрычніка 2024 года ў Гарадзенскім абласным судзе. Ёй пагражае да шасці гадоў калоніі.
Судзіць яе будзе Аляксандр Козел.
Наша Ніва
