Владимир Перцов, яшчэ нядаўні міністр інфармацыі, а зараз намеснік кіраўніка Адміністрацыі Лукашэнкі, перад сустрэчай з ідэалагічным актывам Гарадзенскай вобласці гаварыў пра важнасць інфармацыйных войнаў і пра тое, як ім супрацьдзеіць.

Пры тым адказнага за ідэалогію чыноўніка, як таго літаратурнага Астапа, проста “панесла”. Перцов заявіў літаральна наступнае:

“Мы карательных мер по отношению иных ресурсов не проводим. Наши люди читают и телеграм-каналы, смотрят в YouTube альтернативные источники информации. Но когда они становятся превалирующими при всех тех коварных технологиях, человек как существо внушаемое под воздействием этих информационно-психологических технологий немножко теряет ориентацию”.

Больш цынічнай хлусні пра тое, што яны не праводзяць “карательных мер” прыдумаць проста цяжка. Але Перцов працягвае гнуць сваю крывадушную лінію: “нужен постоянный поток правдивой информации”. У перакладзе на беларускую і чалавечую мову гэта азначае наступнае: “Мы павінны яшчэ больш ілгаць у дзяржаўных медыях, пераўтварыць гэтую хлусню ў суцэльную плынь”.

Нараджэнец Віцебску Перцов з 2002-га па 2003-ы год узначальваў Гродзенскае абласное тэлерадыёаб’яднанне. З 2003-га па 2008-ы быў дырэктарам тэлерадыёкампаніі «Гродна». Сумнавядомы як зацяты русіфікатар гарадзенскай тэлевізіі і знішчальнік іншадумства на ім.

З 2008 па 2010 — дырэктар дырэкцыі вяшчання тэлеканала РТР-Беларусь ЗАТ «Сталічнае тэлебачанне». З 2010 па 2021 — дырэктар прадстаўніцтва МТРК «Мір» у Беларусі. З 5 красавіка 2021 году быў прызначаны на пасаду міністра інфармацыі. А ў красавіку 2024-га пайшоў на чарговае падвышэнне ў Адміністрацыю Лукашэнкі. Ён часта бывае на Гарадзеншчыне і праводзіць ідэалагічныя мерапрыемствы.