У Лідзе 18 верасня прайшло выязное паседжанне Прэзідыума Савета Рэспублікі, дзе абмяркоўвалі вынікі працы са зваротамі грамадзянаў і юрыдычных асобаў. На ім прысутнічала сама Наталля Качанава.

Усяго за восем месяцаў гэтага года ў Савеце Рэспублікі разгледжана больш за 4,7 тысячы зваротаў і толькі 455 з іх (!) паступілі ад жыхароў Гарадзеншчыны. Найбольш пытанняў адрасавалі ў Савет Рэспублікі гарадзенцы, а адзіным раёнам, адкуль не было ніводнага звароту, стаў Бераставіцкі.

Хвалююць жыхароў рэгіёну па сцверджанні чыноўнікаў пераважна паўсядзённыя пытанні: ЖКГ, добраўпарадкаванне, ахова здароўя, землеўпарадкаванне і землекарыстанне, пытанні працы і занятасці, сацыяльна-пенсійнага забеспячэння. Мелі месца і калектыўныя звароты – усяго 27.

Па словах чыноўнікаў така малая колькасць зваротаў ад грамадзян тлумачыцца вялікімі дасягненнямі мясцовай вертыкалі, якая так дбае пра народ, што ў таго і пытанняў праблемных не ўзнікае. Лукашэнкаўцы могуць падманваць іншых і сябе і надалей, але яны і самы ведаюць, што такая малая колькасць зваротаў на Гарадзеншчыне насамрэч – гэта татальны недавер да дзяржаўных органаў улады з боку людзей. Увесь “аўтарытэт” мясцовых чыноўнікаў трымаецца толькі на рэпрэсіях і запалохваннях грамадзян.