
фота NewGrodno
З 21 верасня па 1 кастрычніка ў Гародні пройдзе праваслаўны фестываль «Радость». Пра гэта расказаў рэсурс hrodna.life.
Асноўнай пляцоўкай правядзення будзе Савецкая плошча. Фестываль арганізоўвае менскі Свята-Елісавецінскі манастыр, які вядомы сваёй падтрымкай расейскага войска ў агрэсіі супраць Украіны.
У рамках фестывалю будзе праграма для дзяцей і дарослых. Гутаркі з бацюшкам на розныя тэмы арганізуюць у актавай зале Свята-Пакроўскага кафедральнага сабора і ў спецыяльным намёце для гутарак. Для дзяцей рыхтуюць паказы ў тэатры-батлейцы і сямейныя майстар-класы. На сцэне будуць праходзіць выступленні артыстаў, канцэрты, у тым ліку 22 верасня канцэрт вайсковых песень да Дня Перамогі.
Таксама ў праграме гутарка са студэнтамі пра Дастаеўскага, сустрэча ва ўстановах адукацыі з паралімпійцам, які падтрымлівае Расею ў вайне, адыёзным Аляксеем Талаем і гутарка пра «духоўна-маральныя аспекты адзінства беларускага народа». У кінатэатры ў рамках фестывалю пакажуць прэм’еру фільма «Фагот» пра дзяўчынку з Данецка, бацька якой пайшоў «апалчэнцам» на фронт і знік без вестак, а яна ў Маскве вучыцца граць на фагоце і дае канцэрты для параненых у шпіталях.
Усе дні фестывалю будзе працаваць дзіцячая гасцёўня «Под небом голубым», экспазіцыя «История книги на Руси», кніжная кавярня і акцыя «Помощь жителям Донбасса». Уваход на ўсе мерапрыемствы вольны. Працягласць сустрэч — ад гадзіны да паўтары. Таксама на фестывалі будзе прадавацца прадукцыя, вырабленая ў майстэрнях Свята-Елісавецінскага манастыра.
