
23 верасня Лукашэнка ўказам №372 зрабіў шэраг перастановак у судзейскім корпусе. Сярод іншага – новым намеснікам старшыні эканамічнага суду Гарадзенскай вобласці прызначаны Эдуард Кароль.
Да гэтага Эдуард Кароль быў проста суддзём гэтага ж эканамічнага суду. Ён нараджэнец Берасця, а ў Гародні сканчаў юрыдычны факультэт Гарадзенскага ўніверсітэту. Яшчэ ў 2006 годзе студэнтам стаў лаўрэатам Спецыяльнага фонду Лукашэнкі. У абласным эканамічным судзе працаваў з 2015 году. Паралельна яшчэ працаваў апошнія гады дацэнтам кафедры грамадзянскага права і працэсу.
Эдуард Кароль вёў судовую справу па пазбаўленні Гарадзенскага дзіцячага хоспісу памяшкання пасля таго, як яго дырэктарка Вольга Вялічка ўдзельнічала ў акцыі пратэсту. А таксама аформіў канфіскацыю дзяржавай комплексу «Маёнтак Падароск».
