У Беластоку позна ўвечары 25 верасня ў скверы каля помніка Ежы Папялушку прайшла акцыя салідарнасці з палітзняволенымі Алесем Бяляцкім і Анджэем Пачобутам. Звычайна 25-га дня кожнага месяца праводзіцца такая акцыя ў падтрымку журналіста і дзеяча польскай меншасці Анджэя Пачобута, але на гэты раз, у звязку з тым, што на 25 верасня прыпадае дзень нараджэння кіраўніка праваабарончага цэнтру “Вясна” і Нобелеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага, актывісты беларускіх і польскіх грамадскіх арганізацый і дыяспары аб’ядналі высілкі. Усяго на акцыю прыйшло каля 40 чалавек. Яны трымалі ў руках партрэты Бяляцкага, Пачобута, а таксама іншых вядомых палітвязняў.

Распачаў акцыю і вёў яе Ян Роман, які расказаў пра сітуацыю на сённяшні дзень з станам палітычных вязняў у Беларусі і пра захады па іх падтрымцы. Прадстаўніца Wspolnoty Polskiej Барбара Олех расказала пра важнасць полськамоўнай асветы ў Беларусі і ролю Анджэя Пачобута ў працы на культурнай і асветніцкай ніве.

Публіцыст і праваабаронца Уладзімір Хільмановіч, які сябруе з Алесем Бяляцкім і Анджэем Пачобутам больш 25 гадоў, прыгадаў супольныя справы і тое, што аб’ядноўвае гэтых двух лідараў – а менавіта тое, што абодва – гэта людзі слова, асобы цвёрдых перакананняў, якія паслядоўна ўсё жыццё змагаюцца “за нашу і вашу волю”. Ён канстатаваў, што, на жаль, да такога стану рэчаў прывяла рэал-палітык шэрагу заходніх дэмакратычных краін, якія шчыльна супрацавалі з пуцінскім акупацыйным рэжымам. Пакуль высілкі дэмакратычнай супольнасці і дыпламатыі не прыносяць чаканых вынікаў і становішча палітвязняў у лукашэнкаўскіх катавальнях крытычнае. Хільмановіч правёў гістарычныя паралелі з 1930-мі гадамі.

Адзін з лідараў беларускай дыяспары ў Беластоку Ян Абадоўскі гаварыў пра важнасць такіх акцый салідарнасці, пра тое, што трэба крычаць усюды дзе можна пра жахлівую сітуацыю ў Беларусі. І праводзіць такія акцыі, пакуль будзе заставацца хоць адзін палітвязень за кратамі. Абадоўскі сказаў, што за апошнія гады беларуская дыяспара правяла каля 300 розных акцый пратэсту і салідарнасці.

Праваабаронца Алесь Капуцкі расказаў пра гісторыю свайго сяброўства з Алесем Бяляцкім, як адным з пачынальнікаў дэмакратычнага і праваабарончага руху ў Беларусі. Ён звярнуў увагу на лідарскія якасці Бяляцкага і на тое, што ў Беларусі праваабарончая праца немагчыма без паралельнай працы на нацыянальнае Адраджэньне ва ўсіх яго формах. Капуцкі сцвердзіў, што ахвяры палітычных рэпрэсій і пакуты палітвязняў не прападуць марна ў гісторыі, а застануцца той важнай асновай, на якой і грунтуецца законнасць і Адраджэнне незалежнай дзяржавы, без якой немагчыма забяспечыць правы чалавека.