У Гародні апошнім указам Лукашэнкі “перакартавалі” суддзяў-жанчын. Найбольш значная змена – Зінаіда Барцэвіч з суду Кастрычніцкага раёну пайшла на падвышэнне ў Гарадзенскі абласны суд.

У 2011 годзе Зінаіда Барцэвіч (дзявочае прозвішча Фіясь) вяла тры адміністрацыйныя справы паводле артыкулу 23.34, частка 1 (удзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах). Памятны працэс над прадстаўніком БНФ Вадзімам Саранчуковым. Па ўсіх трох справах Барцэвіч прысуджала штрафы ад 20 да 25 базавых велічынь. Пазней яна старанна ўхілялася ад усіх палітычных карных працэсаў і пры тым стала нават старшынёй Кастрычніцкага раённага суду. Зараз перад Зінаідай Барцэвіч адкрываюцца больш шырокія перспектывы.

Зорка маладой суддзі Ларысы Барэль узышла ў 2020 годзе. Тады яна разбірала пяць палітычных адміністрацыйных справаў, звязаных нібыта з парушэннямі ў правядзенні мітынгаў і дэманстрацый (частка 1, артыкул 23.34), а таксама нібыта дробным хуліганствам (17.1 КаАП). Барэль працавала тады ў судзе Ленінскага раёну. Яна засудзіла гарадзенскага актывіста Ежы Грыгенчу да 10 сутак адміністрацыйнага арышту за ланцуг салідарнасці (той арышт быў адкладзены). Яна ж карала і Уладзіміра Навуміка, якога 29 траўня ў Гародні затрымалі разам з Сяргеем Ціханоўскім, прызначыўшы Навуміку 10 сутак арышту. Цяпер указам Лукашэнкі Ларыса Барэль прызначана суддзёй Кастрычніцкага раённага суду тэрмінам на пяць гадоў.

Пайшла на падвышэнне і Таццяна Гергель, якая зараз прызначана ажно намеснікам старшыні суду Кастрычніцкага раёну. Яшчэ ў 2008 годзе пастановай Гергель гарадзенскім актывістам партыі АГП Юрыю Істоміну і Дзмітрыю Бандарчуку быў прысуджаны штраф на 5 базавых велічынь кожнаму за нібыта дробнае хуліганства. Тады актывістаў затрымалі каля чыгуначнага вакзалу ў Гародні для праверкі дакументаў – у выніку іх завезлі ў аддзяленне міліцыі, дзе склалі фальшывыя пратаколы. У 2018 годзе Гергель прысудзіла гарадзенскім актывістам Мікалаю Саляніку і Аляксандру Лаўрэнцьеву штрафы па 25 базавых велічынь за нібыта непадпарадкаванне міліцыі (23.4 КоАП) і парушэнні ў правядзенні мітынгу. Актывістаў тады затрымалі пры выхадзе з дому 3 ліпеня, калі яны планавалі правесці пікет.

Яшчэ багацейшы паслужны спіс у суддзі Алены Тоўсцік-Самойла. Але яе чамусці зараз не падвысілі, а проста перапрызначылі суддзёй Кастрычніцкага раённага суду. Прыпомнім, што ў 2018 годзе Тоўсцік-Самойла засудзіла анархіста Уладзіслава Сераду да штрафу 15 базавых велічынь за рэпост ў сацсетках, што было расцэнена як распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў (артыкул 17.11 КаАП). Тады такія працэсы былі яшчэ зусім рэдкімі. У 2020 годзе Тоўсцік-Самойла разгледзела не менш за 24 справы, звязаных з парушэннямі ў правядзенні мітынгаў і дэманстрацый (артыкул 23.34 ч. 1). Сярод іншых яна прысудзіла 5 сутак арышту Сяргею Верамеенку і 10 сутак – Ежы Грыгенчу. Агулам Тоўсцік-Самойла выпісала штрафаў больш чым 9 тысяч беларускіх рублёў. Памятна як увосень 2023 году Алена Тоўсцік-Самойла прызначыла гарадзенскаму праваслаўнаму святару Андрэю Ноздрыну штраф 15 базавых велічыняў, адначасна канфіскаваўшы «прыладу злачынства» — мабільны тэлефон.

Пра кар’ерны рост суддзі Эдуарда Караля мы расказвалі раней.