Міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі абмеркаваў у Дзярждэпе ЗША вызваленне журналіста-палітвязня Анджэя Пачобута, які адбывае тэрмін зняволення ў Беларусі. Паводле міністра, перамовы “вельмі важныя ў кантэксце змешчаных у турму дзеячаў беларускай апазіцыі”.

Сустрэча Сікорскага са спецыяльным прадстаўніком Джо Байдэна ў справах закладнікаў прайшла ў межах візіту кіраўніка польскага МЗС у ЗША.

29 жніўня Сікорскі паведаміў, што для вызвалення засуджанага ў Беларусі па палітычных матывах журналіста і актывіста Саюза палякаў Анджэя Пачобута Польшча “спрабуе розныя ідэі”. Праўладная прапаганда ў адказ прапанавала яму асабіста прыехаць і забраць Пачобута з турмы.