
29 верасня 1794 году ў вёсцы Заблошчына (непадалёк Вільні) нарадзіўся Ігнат Ходзька, пісьменьнік, мемуарыст.
У 10-гадовым узросце пачаў вучыцца ў Барунскай базыльянскай школе, у 1810 годзе адтуль перайшоў у Віленскі ўніверсітэт, які скончыў са ступенню кандыдата філасофіі. Пасля смерці бацькоў Ігнат Ходзька зблізіўся са сваім дзядзькам Янам Ходзькам, вядомым драматургам, заснавальнікам масонскіх ложаў у Вільні і Менску, які ў Варшаве ўвёў Ігната Ходзьку ў колы масонаў і літаратараў. Прыняты ў Таварыства шубраўцаў, дзе быў вядомы пад імем «рыфмаплёта», І. Xодзька апублікаваў у «Wiadomosci brukowe» некалькі артыкулаў, якія і дагэтуль лічацца дасціпнейшымі творамі тагачаснай польскай літаратуры. Тым часам у часопісе «Dziennik Wilenski» друкаваліся і яго вершы (некаторыя перакл. на руск.: «Паэзія славян» Гербеля). Спачатку І. Ходзька — прыхільнік строгага класіцызму ў літаратуры, пасля, пад уплывам Антона Адынца і Юльяна Корсака, рамантык — пісаў аповесці і паэтычныя аповеды.
Ажаніўшыся з дачкою Міхала Мацкевіча, І. Ходзька ў 1826 годзе паступіў на службу па кіраванні Радзівілаўскімі маёнткамі і з гэтага часу займаў разнастайныя грамадскія пасады: працяглы час быў ганаровым папячыцелем вучылішчаў Свянцянскага павету, у 1858 годзе быў сябрам і віцэ-прэзідэнтам Камітэта па паляпшэнні побыту сялян Віленскай губерні, у 1861 годзе — абраны міравым пасярэднікам.
Памёр Ігнат Ходзька 1 жніўня 1861 году ў маёнтку Дзявянты. Пахаваны ў родавым склепе-пахавальні на могілках вёскі Войстам.
