30 верасня Апостальская нунцыятура ў Рэспубліцы Беларусь выдала Паведамленне адносна змены дыяцэзіяльнага біскупа Гарадзенскай дыяцэзіі.

«Апостальская нунцыятура ў Рэспубліцы Беларусь паведамляе, што Святы Айцец Папа Францішак прыняў адмову ад пасады дыяцэзіяльнага біскупа Гарадзенскай дыяцэзіі Яго Эксцэленцыі Аляксандра Кашкевіча ў сувязі з дасягненнем 75-гадовага ўзросту.

Яго наступнікам на гэтай пасадзе становіцца Яго Эксцэленцыя біскуп каад’ютар Уладзімір Гуляй», — сказана ў дакуменце, падпісаным Часовым павераным у справах Святога Пасаду ў Беларусі ксяндзом прэлатам Кшыштафам Сэрокам.

Такім чынам, з гэтага часу біскуп Аляксандр Кашкевіч, які быў першым дыяцэзіяльным біскупам створанай 13 красавіка 1991 года Гарадзенскай дыяцэзіі, у адпаведнасці з канонам 185 Кодэкса кананічнага права, можа ўжываць тытул «эмэрыт».

Былы каад’ютар Гарадзенскай дыяцэзіі Уладзімір Гуляй, які быў менаваны Папам Францішкам 5 красавіка 2024 года і прыняў біскупскае пасвячэнне 25 мая, цяпер з’яўляецца дыяцэзіяльным біскупам Гарадзенскай дыяцэзіі.

catholic.by