Аляксандра Каско больш 600 дзён знаходзіцца ў зняволенні.

У Гарадзенскім абласным судзе 19 снежня 2023 года 31-гадовай палітзняволенай прызначылі 10 гадоў калоніі. Прысуд тады аформіў суддзя Дзмітрый Бубенчык.

Аляксандру засудзілі паводле васьмі артыкулаў Крымінальнага кодэкса, у тым ліку за “ўдзел у экстрэмісцкім фармаванні” і “садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці”. Яшчэ да суда КГБ унёс Аляксандру ў “спіс тэрарыстаў”. У сакавіку 2024 году яна пачала адбываць тэрмін у гомельскай калоніі № 4. Да гэтага была зняволена ў Гарадзенскай турме.

Яе затрымалі пасля вяртання з Польшчы на пачатку лютага 2023 года. Цэлы год да яе затрымання збіраў інфармацыю супрацоўнік ГУБАЗіКа, якому ўдалося здабыць яе давер.

Паводле сілавікоў у пачатку 2022 года супрацоўнік гарадзенскага ГУБАЗіКа «з дапамогай метадаў сацыяльнай інжынерыі» здабыў давер карыстальніка з нікам Homo Liber — адміністратара нібыта «экстрэмісцкіх» рэсурсаў. Праз месяц высветлілася, што гэта Аляксандра Каско — яна нібыта сама раскрыла сваё імя.