З раскладу судоў стала вядома, што 1 кастрычніка ў Гарадзенскім абласным судзе разглядалася апеляцыйная скарга Лізаветы Макрыдзінай. Гэта рабіў суддзя Аляксандр Козел. Вынік гэтага “разгляду” невядомы, але прадказальны.

Лізавеце Макрыдзінай 25 гадоў. Родам яна з Гародні, скончыла Гарадзенскі дзяржаўны ўніверсітэт па спецыяльнасці «камп’ютарная бяспека». Ужо пасля другога курса яна пайшла працаваць праграмісткай у кампанію SENLA, але пасля перавучылася на бізнэс-аналітыка. У пэўны час дзяўчына пераехала ў Польшчу. Лізавету затрымалі пасля таго, як яна вярнулася ў Беларусь.

Суд над ёй пачынаўся 23 ліпеня бягцчага году. Дзяўчыну звінавацілі па «народным» 342-м артыкуле Крымінальнага Кодэксу за ўдзел у пратэстах. Ёй пагражала да трох гадоў калоніі. Судзіў Макрыдзіну Уладзімір Пазняк, на рахунку якога дзясяткі палітычных карных прысудаў. Які тэрмін ён прысудзіў – невядома.