Новым кіраўніком ЗАТ “Беларуская Нацыянальная Біятэхналагічная Карпарацыя” прызначаны Сяргей Ложачнік, які перад гэтым выконваў абавязкі старшыні Лідскага райвыканкаму, паведамілі БЕЛТА у Міністэрстве сельскай гаспадаркі і харчавання.

3 кастрычніка ў ЗАТ “БНБК” пад старшынствам намесніка прэм’ер-міністра Юрыя Шулейкі з удзелам міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Анатоля Ліневіча прайшла наглядальная рада, на якой прынята рашэнне аб прызначэнні на пасаду генеральнага дырэктара ЗАТ “БНБК” Ложачніка.

Сяргей Ложачнік у 2001-2009 гадах займаў розныя пасады ў сельскагаспадарчых арганізацыях Менскай і Гарадзенскай абласцей. З 2009 па 2011 гады працаваў начальнікам дзяржаўнай харчовай інспекцыі па якасці і стандартызацыі Мінсельгасхарча, з 2011 па 2013 гады кіраваў Шчучынскім масласырзаводам. У 2013-2019 гадах Сяргей Ложачнік быў старшынём Шчучынскага райвыканкаму, у 2019-2024 гадах – старшынём Лідскага райвыканкаму.

Раней Лукашэнка казаў пра гэтае прызначэнне і нават дапытваў новапрызначанага старшыню Лідскага райвыканкаму Аляксандра Вярсоцкага пра Ложачніка.