У рэгіёнах прайшлі нарады, прысвечаныя прэзідэнцкім выбарам, папярэдне прызначаным на люты 2025 года, паведамілі «Нашай Ніве» крыніцы з двух гарадоў.

Перад сілавікамі пастаўлена задача «прафілактаваць» усіх, хто можа пратэставаць перад выбарамі ці падчас галасавання.

Складзеныя спісы тых, хто падлягае прэвентыўным ператрусам і затрыманням, так званыя «першы і другі спісы».

У «першы спіс» уваходзяць усе тыя, хто раней быў засуджаны па адміністрацыйных або крымінальных артыкулах. У «другі спіс» уключаныя людзі, якія раней не прыцягваліся да адказнасці па палітычных матывах, але лічацца патэнцыйна нелаяльнымі, палітычна актыўнымі.

Візіты да людзей з першага спісу пачнуцца ўжо восенню. Аднак найбольш інтэнсіўныя рэпрэсіі запланаваныя на снежань-студзень — бліжэй да дня галасавання. «Каб ніхто і не піскнуў перад выбарамі», — цытуе прысутны на адной з такіх нарад.

«Калі ў чалавека ў тэлефоне няма падпісак — падпісаць. Калі трэба — прынесці сцяг і сфатаграфаваць у кватэры», — цытуе атрыманыя ўказанні іншы чалавек.

Акрамя таго, перад выбарамі павінна адбыцца «адпрацоўка прадпрыемстваў» — гэта значыць дэманстратыўная праверка тэлефонаў і затрыманні на працоўных месцах.