«Дзеянні Дорнаў відавочна падпадаюць пад артыкул 233 Крымінальнага кодэкса, якая тычыцца эксплуатацыі людзей ва ўразлівым становішчы».

У пракуратуру Ляйпцыга паступіла некалькі заяваў аб учыненні злачынства. Размова ідзе аб выкарыстанні на беларускай цыбульнай ферме палітыка Ёрга Дорнаў палітычных зняволеных. Гісторыю першым расказала выданне Reform.news. Цяпер нямецкая пракуратура пачала папярэдняе расследаванне, піша Reform,news са спасылкай на паведамленне нямецкай газеты BILD.

Як растлумачыў BILD лейпцыгскі адвакат і палітык ад партыі «Зялёныя» Фердынанд Мюлер, дзеянні Дорнаў відавочна падпадаюць пад артыкул 233 Крымінальнага кодэкса, якая тычыцца эксплуатацыі людзей ва ўразлівым становішчы.

Сам Дорнаў пакуль маўчыць наконт абвінавачанняў і не адказаў на шматлікія запыты — нават з боку ўласнай партыі, удакладняе BILD.

Хоць 1 кастрычніка адбылася гутарка, у якой удзельнічаў, у тым ліку, генеральны сакратар саксонскай AfD (“Альтэрнатыва для Германіі”) Ян Цверг, Дорнаў не даў ясных тлумачэнняў і, па словах прадстаўнікоў фракцыі, паводзіў сябе “вельмі ўпарта і замкнёна”.

Многія члены фракцыі цяпер лічаць яго паводзіны “шкоднымі для партыі”. Адзін з дэпутатаў абурыўся: «У нашай фракцыі прынята, каб дэпутаты хаця б паведамлялі пра свае паездкі за мяжу. Але спадар Дорнаў робіць, што хоча, і ні пра што не клапоціцца».

Федэральная AfD дыстанцуецца

У кіраўніцтве федэральнай AfD, уключаючы Алісу Вайдэль і Ціна Хрупалу, ужо даўно з трывогай сочаць за дзеяннямі Дорнаў, але да гэтага часу аддавалі перавагу пакінуць гэта на меркаванне саксонскага рэгіянальнага аддзялення. Аднак зараз, падобна, цярпенне лопнула.

«Рэпутацыйная шкода, якая тут наносіцца, велізарная», – заявіў адзін з членаў федэральнага праўлення, перадае BILD.

Цяпер партыйнае кіраўніцтва афіцыйна дыстанцыявалася ад Дорнаў, заявіўшы: «Калі абвінавачванні супраць саксонскага дэпутата спадара Дорнаў адносна яго беларускага бізнэсу апынуцца праўдзівымі, AfD рашуча дыстанцуецца ад гэтых бізнэс-практык і разгледзіць адпаведныя меры партыйнай дысцыпліны».

Новы Час