
На семінары аб палітычных вязнях выступілі сярод іншых Наталля Пінчук, жонка зняволенага нобелеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага, дырэктарка міжнароднай праваабарончай арганізацыі Human Rights House Foundation Марыя Дале, генеральная дакладчыца ў справах палітычных вязняў у ПАРЭ Тоўргільтур Сюнна Айварстоўхтыр.
Наталля Пінчук сказала, што можа пацвердзіць з уласнага досведу, што сітуацыя з палітычнымі вязнямі ў Беларусі даўно перайшла чырвоныя лініі.
«Людзей сотнямі кідаюць у вязніцы нават за лайкі ў сацыяльных сетках ці за адзенне няправільных колераў. А ў турме яны пазбаўленыя элементарных правоў, у тым ліку права на здароўе і жыццё.
Мой муж Алесь Бяляцкі пры камуністычнай уладзе ў 1980-я гады разам з аднадумцамі публічна ўшаноўваў памяць закатаваных у сталінскіх турмах беларускіх інтэлектуалаў. Каб змрочнае мінулае ніколі не паўтарылася».
Радыё Свабода
