Лукашэнка 11 кастрычніка падпісаў закон «Аб змяненні законаў у пытаннях занятасці насельніцтва», які мусіць «выключыць утрыманства і стварыць умовы для занятасці насельніцтва».

Новы закон прадугледжвае ўзмацненне патрабаванняў да прызначэння і атрымання дапамогі ў звязку з беспрацоўем. Што змяняецца:

•   каб атрымаць дапамогу ў звязку з беспрацоўем, трэба зарэгістравацца ў цэнтры занятасці цягам месяца з даты звальнення;
•   да моманту рэгістрацыі ў якасці беспрацоўнага трэба не менш за пяць гадоў працаваць і плаціць унёскі ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва;
•   заставацца на ўліку ў звязку з беспрацоўем цяпер можна будзе максімум 12 месяцаў замест 18. Плаціць дапамогу ў звязку з беспрацоўем будуць тры месяцы замест шасці;
•   уводзіцца магчымасць электроннай рэгістрацыі ў якасці беспрацоўнага, зарэгістравацца можна будзе не толькі паводле месца жыхарства, але і месца знаходжання.

На сённяшні дзень максімальны памер дапамогі ў звязку з беспрацоўем у Беларусі складае дзве базавыя велічыні, або 80 рублёў. Пры ўмове выхавання дзяцей можна атрымаць на 10 % больш.

Новы закон таксама ўводзіць квоты на працоўныя месцы для людзей з інваліднасцю для наймальнікаў усіх формаў уласнасці, акрамя грамадскіх аб’яднанняў людзей з інваліднасцю, некамерцыйных і бюджэтных арганізацыяў.

Таксама пашыраецца спіс катэгорыяў беспрацоўных, якім даюцца дадатковыя гарантыі занятасці: дадалі людзей перадпенсійнага ўзросту за пяць гадоў да выхаду на пенсію; асобаў пасля ўтрымання ў ЛПП; асобаў, якія цярпяць на алкагалізм або наркаманію, але прайшлі медычную рэабілітацыю.