
“Нямецкі прадпрымальнік Ёрг Дорнаў нарэшце адрэагаваў на абвінавачванне ў выкарыстанні працы палітвязняў на сваёй цыбульнай плантацыі пад Лідай: адвакат дэпутата Саксонскага ландтага не адмаўляе, што на Дорнаў працавалі зняволеныя. Ён, аднак, падкрэслівае, што да іх ставіліся годна (кармілі і паілі), а сам прадпрымальнік не падазраваў, па якіх артыкулах яны асуджаныя”, – піша нямецкая газета Der Mitteldeutsche Rundfunk.
“Заявы абароны Дорнаў не з’яўляюцца сенсацыяй і (чакана) кардынальна разыходзяцца са сведчаннямі былога палітвязня Сяргея Чарняка (вядомага лідскага барда і беларускага грамадскага актывіста, якому некалькі разоў прысуджаді адміністрацыйны арышт па палітычных матывах і якога ўрэшце змусілі пакінуць Беларусь – ГП), які працаваў на плантацыі, і крыніцы канала MDR у асяроддзі Дорнаў. Дадзеная крыніца і зусім сцвярджае, што з пэўнага моманту на плантацыі працавалі толькі палітвязні, а ў Лідзе праводзіліся спецыяльныя арышты – каб Дорнаў атрымаў працоўную сілу. Паказальна, што дэпутат выйшаў на сувязь са СМІ пасля таго, як у Ляйпцыгу прайшла акцыя супраць яго. Удзельнікі акцыі пратэсту размясцілі на адной з плошчаў Ляйпцыга скрынку з цыбуляй, а таксама гарбуз з фатаграфіямі палітвязняў у Беларусі і надпісам: “Смак цыбулі лепшы, калі яе збіраюць палітвязні?” Сам дэпутат і прадстаўнікі АдГ не каментуюць скандал. Пры гэтым пракуратура Ляйпцыга пацвердзіла саксонскай тэлерадыёкампаніі MDR, што атрымала заяву аб узбуджэнні крымінальнай справы супраць Дорнаў, якую падаў нямецкі адвакат Фердынанд Мюлер”, – піша нямецкае выданне.
