Беларускі грамадскі актывіст, мастак Вітольд Ашурак нарадзіўся 13 кастрычніка 1970 году ў вёсцы Агароднікі, што паблізу Бярозаўкі (Лідскі р-н). Амаль усё яго жыццё і дзейнасць былі звязаныя з горадам Бярозаўка.

Супраць Вітольда Ашурка ў жніўні 2020-га году распачалі крымінальную справу за паслявыбарчыя падзеі. Максім Філатаў з Лідскага раённага суду прысудзіў Ашурку ажно 5 гадоў калоніі. Пэўны час ён быў зняволены ў Гарадзенскай турме.

21 траўня 2021 года Вітольд загінуў у шклоўскай калоніі пры нявысветленых абставінах. Крымінальнай справы па факце яго смерці дагэтуль няма. Хоць няма ніякіх сумневаў, што ён быў закатаваны. Афіцыйная прычына смерці — спыненне сэрца. Насамрэч палітвязня працяглы час катавалі, не давалі спаць, збівалі.

Вітольд Ашурак для многіх, хто яго ведаў, быў сапраўдным духоўным братам, вельмі пазітыўным адраджэнцам, які шмат зрабіў для ўшанавання памяці тых, хто раней загінуў за вольнасць нашага Краю. Ён не мог заставацца абыякавым да таго, што адбываецца наўкола, што дзеецца ў нашай Беларусі, і цэлы час ладзіў нават адзіночныя мірныя акцыі пратэсту – супраць шкоднай вытворчасці ў яго роднай Бярозаўцы, супраць забруджвання рэк Дзітвы і Нёману, супраць камуністычных крывавых ідалаў, якіх ізноў узнялі на шчыт. Антычалавечая сістэма бачыла яго духовую сілу і цэлы час пераследавала, помсціла, не магла дараваць ягонай прагі да вольнасці і справядлівасці. Вітольд быў вельмі натхняльным чалавекам, нават ягоныя лісты і паштоўкі з турэмнага зняволення былі надзвычай аптымістычнымі і падтрымлівалі тых, хто застаўся на адноснай волі.

Вечная памяць беларускаму патрыёту…