Прадстаўнікі беларускай дыяспары Беластока ўзгадалі палітычных вязняў, якія адзначаюць свой дзень народзінаў у кастрычніку. Адметна, што акцыя прайшла ў дзень, калі свой 54-ы дзень нараджэння мог бы адзначаць Вітольд Ашурак, які загінуў у засценках шклоўскай калоніі ў траўні 2021 года.

Гавораць удзельнікі акцыі салідарнасці з Вітольдам і іншымі палітвязнямі:

– Мы ўжо больш за год робім акцыі-віншаванні палітвязняў з Днём народзінаў. Гэта такая мэтанакіраваная акцыя-напамін усім беларусам, якія знаходзяцца і ў Беларусі, і тыя, якія за мяжой, каб не забываліся на нашых самых сумленных людзей, якія сядзяць у беларускіх турмах.

– На сваёй скуры гэта ўсё даведаўся. Маё сумленне падказвае, што тыя людзі, якія знаходзяцца за кратамі, невінаватыя. Мы павінны пра іх думаць, тыя, хто на волі, бо гэта нас тады яднае як нацыю, як Беларусь.

– Яму сёння магло б быць 54 гады, каб яго не забілі. Я яго вельмі добра ведаў, нават былі асуджаныя ў адной зале суда, толькі ён на дзень раней, а яна дзень пазней. Вось так рэжым у нас забраў сапраўднага годнага беларуса.

– Вітольд Ашурак, можна сказаць, што быў жорстка забіты, замучаны ў засценках гестапа, будзем так называць.  Страшна. Яму магло б споўніцца 54 гады, але яго ўжо з намі няма. Спі спакойна, наш герой, мы будзем змагацца, як зможам!

Пасля 2020 года тысячы беларусаў прайшлі праз турмы ў Беларусі па палітычных матывах. Тысячы працягваюць там заставацца. Каля дзесяці вязняў з розных прычынаў загінулі ў зняволенні.