царква ў Ракавічах, фота ілюстрацыйнае

На нядаўняй сустрэчы чыноўнікаў і святароў Шчучынскага раёну пра канфесійную сітуацыю ў рэгіёне расказала начальніца аддзелу ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкаму Вераніка Дысько. Паводле афіцыйнай інфармацыі рэлігійную дзейнасць у раёне ажыццяўляюць 32 рэлігійныя абшчыны, з якіх 14 рэлігійных абшчын рымска-каталіцкай канфесіі, 16 рэлігійных абшчын праваслаўнай канфесіі, 1 пратэстанцкая рэлігійная абшчына, а таксама рымска-каталіцкая манаская кангрэгацыя «Сясцёр Маці Міласэрнасці».

Набажэнствы, рэлігійныя абрады і цырымоніі праводзяцца ў 38 культавых будынках. Чыноўніца заявіла, што ў парафіях рымска-каталіцкай канфесіі забяспечана правядзенне службаў на дзяржаўных мовах (гэта трэба зразумець як на беларускай так і на расейскай мовах). Што датычыць праваслаўных прыходаў, то Дысько змаўчала. А гэта азначае, што ў цэрквах Шчучыншчыны скрозь дамінуе русіфікацыя і месца беларускай мове, як мове тытульнай нацыі, зусім няма.

На сустрэчы былі закрануты таксама тэмы захавання і папулярызацыі гісторыка-культурнай спадчыны, развіцця рэлігійнага турызму. У храмах Шчучыншчыны заўсёды можна сустрэць вялікую колькасць прыхаджан, паломнікаў, проста турыстаў. Так, за 9 месяцаў бягучага года раён паводле афіцыйнай статыстыкі наведалі каля 7000 турыстаў і 4000 экскурсантаў, з іх больш за палову – наведвалі менавіта рэлігійныя аб’екты.