
Яшчэ 4 кастрычніка 2022 года Лукашэнкам быў падпісаны ўказ № 351 “Аб развіцці аграэкатурызму”, скіраваны на ўдасканаленне рэгулявання дзейнасці ў сферы, павышэнне якасці паслуг, выключэнне вядзення гасцінічнага бізнесу пад выглядам аграсядзібаў, абарону правоў людзей, якія жывуць па суседстве.
Дзятлаўская раённая газета “Перамога” расказала пра тое якая сітуацыя з аграаэкатурызмам на сёння ў гэтым раёне. Гаспадары сядзібаў мусілі да чэрвеня 2023 года прайсці чарговую перарэгістрацыю і атрымаць дазвол райвыканкаму на дзейнасць у сферы аграэкатурызму.
Колькі цяпер на Дзятлаўшчыне аграэкасядзібаў і чым яны займаюцца, расказала галоўны спецыяліст сектара спорту і турызму райвыканкама Наталля Калодка. З яе аповяду выйшла, што іх засталося ўсяго 3 (!):
У раёне функцыянуюць тры аграэкасядзібы: “Раднік”, “Каля дуба” і ў вёсцы Накрышкі. У развіцці турыстычнага патэнцыялу Дзятлаўшчыны аграэкатурызм адзін з прыярытэтных напрамкаў, бо актыўны адпачынак і аздараўленне ў экалагічна чыстых мясцінах, азнаямленне і захапляльнае далучэнне да нацыянальнай культуры і традыцый цікавыя для турыстаў і могуць парадаваць гасцей раёна.
Пра які ж прыярытэт і развіццё можа ісці гаворка, калі колькасць такіх сядзібаў істотна скарацілася!? Як раней расказвала тая ж “Перамога”, на канец студзеня 2021 году такіх сядзібаў у Дзятлаўскім раёне было ажно 15:
“ на 11 снежня 2021 года зарэгістравана 15 аграсядзібаў. Гэта “Сядзіба Сокала” ў вёсцы Карыца-2; “Каля Дуба” у Цяцейках; “Бульбаш” у Нясілавічах; “Хутарок” у Сверплевічах; “Адамантъ” у Гезгалах; “Родник” у Кашкалах; “Мёдпанацэя” ў Круцілавічах; аграсядзібы М. Якубчыка і З. Бубіч ў вёсцы Баравікі; аграсядзібы В. Зайца і “Мястэчка ля Радона” ў Курпешах; аграсядзіба “Латышы” ў аднайменнай вёсцы; аграсядзіба С. Базана ў Жыхах; аграсядзіба Т. Рэмезавай у Нагорніках; аграсядзіба І. Ёда ў Накрышках. На сёння функцыянуюць 11 сядзібаў”.
А зараз такіх сядзібаў засталося толькі тры!
