
17 кастрычніка ў судзе Ленінскага раёну Гародні быў прызначаны перагляд выніку крымінальнай справы ў дачыненні да гарадзенца Сяргея Занямонскага. Працэс “О замене ограничения свободы с направлением в исправительное учреждение открытого типа” вяла небезвядомая суддзя Наталля Козел.
Сяргея Занямонскага разам з трыма іншымі гарадзенцамі пачалі судзіць яшчэ 10 чэрвеня 2024 года. Працэс працягваўся ў жніўні. Фігуравала частка 1 артыкулу 342 Крымінальнага кодэксу (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што моцна парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). Судзілі за ўдзел у мірных акцыях пратэсту 2020 году.
Пад крымінальны пераслед патрапілі: Сяргей Занямонскі, Юрый Сцепаненка, Алена Тарасевіч, Галіна Шумель.
Карны працэс пачыныў суддзя Уладзімір Пазняк, а потым “эстафету” пераняў суддзя абласнога суду Валерый Раманоўскі. Вынік прысуду па ўсіх быў невядомы. Вядома толькі, што Занямонскі быў пазней запісаны ў “спіс экстрэмістаў”. Мяркуючы па цяперашнім працэсе ў жніўні яму прысудзілі так званую “хатнюю хімію”. Цяпер прысуд напэўна зрабілі больш жорсткім.
