
Працягваюцца палітычныя карныя працэсы за падзеі мінулых гадоў.
23 кастрычніка ў судзе Кастрычніцкага раёна Гародні пачалі судзіць Максіма Сандракулу. Яго абвінавачваюць паводле часткі 2 артыкулу 293 Крымінальнага кодэкса (удзел у масавых беспарадках). Мужчыну пагражае да васьмі гадоў калоніі.
Аформіць карны прысуд прызначаны Уладзімір Пазняк. Паслужны спісак Пазняка па палітычных працэсах надзвычай шырокі:
У траўні 2022 году па двух артыкулах КК ён судзіў Наталлю Малец;
Судзіў Андрэя Сцепаненку
У жніўні 2022 году прысудзіў за лайк у сацсетцы “Одноклассники” Таццяне Мацееўскай абмежаванне волі без накіравання ў ПУАТ тэрмінам на два гады;
У лістападзе 2022 году менчуку Святаславу Лепешаву ўзмацніў прысуд з “хіміі” на зняволенне ў калоніі;
У лютым 2023 году засудзіў паводле трох артыкулаў: арт. 369 КК (абраза прадстаўніка ўлады), ч. 1 арт. 368 КК (абраза Лукашэнкі), ч. 1 арт. 342 КК да двух гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму інжынера Андрэя Навасельчана;
У траўні 2023 году судзіў Сяргея Ботвіча за удзел у нібыта масавых беспарадках (частка 1, артыкул 293 Крымінальнага кодэксу РБ). Прысудзіў яму пяць гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
У траўні 2023 году судзіў Юрыя Хлебаўца па частцы 1 артыкулу 342 Крымінальнага Кодэксу РБ – Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх. Нагодай для крымінальнай справы сталі каментары ў чаце “Гародня 97”. Прысудзіў 1,5 гады абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу (так званая «хімія»);
У чэрвені 2023 году судзіў Ірыну Савашынскую і Аляксея Паўленку паводле часткі 1 артыкулу 342 КК. У выніку Савашынскай прысуджана 2 гады абмежавання волі без накіравання ў так званую папраўчую ўстанову, а Паўленку – 1 год і 6 месяцаў абмежавання волі з накіраваннем у так званую папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.
У чэрвені 2023 году судзіў па арт. 342 ч. 1 і арт. 367 ч. 2 КК Мікалая Хацяновіча і Вольгу Нячыпараву.
У чэрвені 2024 году судзіў ажно чатырох чалавек у адным працэсе: Па артыкуле 342, частка 1 пад крымінальны пераслед патрапілі: Сяргей Занямонскі, Юрый Сцепаненка, Алена Тарасевіч, Галіна Шумель;
У траўні-чэрвені 2024 году – яшчэ чатырох чалавек па тым жа артыкуле: пад пераслед трапілі Дзмітрый Лях, Ігар Чудзілоўскі, Аляксей Грэсь і Аляксандр Клунейка.
На рахунку Уладзіміра Пазняка і іншыя палітычныя прысуды.
