
Беларускі мовазнавец, літаратуразнавец Іван Лепешаў нарадзіўся 23 кастрычніка 1924 года ў вёсцы Іскозы (Дубровенскі раён, Віцебская вобласць). У 1940 годзе скончыў 8 класаў, здаў экстэрнам экзамены за 9 класаў і паступіў у Аршанскі настаўніцкі інстытут, вучоба ў якім была перапынена надыходам Другой сусветнай вайны. У 20 гадоў быў мабілізаваны ў войска і з 1944 года ваяваў на фронце, быў паранены пры вызваленні Кёнігсберга. Быў узнагароджаны ордэнам і трыма медалямі.
Пасля вайны Іван Лепешаў у 1948 годзе скончыў Аршанскі настаўніцкі інстытут, быў размеркаваны ў Свіслацкую сярэднюю школу Гарадзенскай вобласці. Там працаваў настаўнікам беларускай мовы. У час сталінскіх рэпрэсій беспадстаўна засуджаны да зняволення. Яго звінавацілі ў тым, што ў час нямецкай акупацыі нібыта служыў у паліцыі. У высылцы ў 1949-55 гадах працаваў рознарабочым у савецкіх канцлагерах Прыморскага краю. Намнога пазней – у 1963 годзе – рэабілітаваны за адсутнасцю віны.
З 1956 года Іван Лепешаў працаваў настаўнікам беларускай і рускай моў і літаратур у школах: спярша ў Машталерскай сямігадовай школе Скідзельскага раёну, потым у Берштаўскай сярэдняй школе Шчучынскага раёна. Працуючы ў школе, апублікаваў у выдавецтве “Народная асвета” дзве свае кнігі “Изготовление и использование таблиц по русскому языку” (1966), “Литературно-краеведческий кружок” (1969), якія былі высока ацэнены тагачаснай метадычнай навукай. У 1959 годзе завочна скончыў на выдатна філалагічны факультэт Гарадзенскага педагагічнага інстытута, а ў 1971 годзе – аспірантуру ў Мінскім педагагічным інстытуце. У 1973 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю па тэме “Проблемы фразеологической стилистики и фразеологической нормы в современном белорусском литературном языке”. Узнагароджаны знакам “Выдатнік народнай асветы”.
З 1971 года Лепешаў працаваў у Гарадзенскім педагагічным інстытуце (пасля ўніверсітэце) спачатку выкладчыкам, затым дацэнтам (1973 год), прафесарам (1986 год). Быў вельмі зычлівым інтэлігентным чалавекам, якога любілі і паважалі студэнты. Меў выразную грамадзянскую пазіцыю, але пра сваё лагернае мінулае ўспамінаць не хацеў.
Кола навуковых інтарэсаў вучонага-філолага была шматграннай. Найперш гэта даследаванні ў сферы фразеалогіі, якой аўтар прысвяціў больш за 10 кніг. Адна з сама значных – манаграфія-дапаможнік “Фразеалогія сучаснай беларускай мовы” (1998), якая з’яўляецца вынікам шматгадовых тэарэтычных напрацовак даследчыка. Па глыбіні вырашэння шматлікіх, часта спрэчных пытанняў, у сферы фразеалогіі яна сама грунтоўная ў славянскай фразеалагічнай навуцы. Шмат увагі Іван Лепешаў надаваў даследаванню іншых моўных з’яў, займаўся праблемамі парэміялогіі, лексікалогіі, граматыкі, культуры мовы, стылістыкі, мовы мастацкай літаратуры і іншым.
Іван Лепешаў – аўтар 520 навуковых, навукова-метадычных публікацыяў, больш як 40 кніг (“Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў”, “Лінгвістычны аналіз тэксту”, “У пошуках ісціны”, “Надзённае”, суаўтар “Практыкума па беларускай мове” ды інш.). Для стварэння “Фразеалагічнага слоўніка беларускай мовы” ў 2 тамах аўтар прачытаў амаль усю беларускую мастацкую літаратуру, каб адшукаць і выпісаць дзясяткі тысяч фразеалагічных цытат.
Памёр Іван Лепешаў 12 кастрычніка 2014 года, зусім крыху не дажыўшы да 90 гадоў. Пахаваны на гарадзенскіх могілках “Аульс”.
