За чатыры апошнія гады колькасць відэакамер Рэспубліканскай сістэмы маніторынгу “грамадскай бяспекі” павялічылася ў дзясяткі разоў і перавышае 40 тысяч адзінак, паведаміў міністр унутраных спраў Іван Кубракоў.

Паводле словаў сілавікоў, яны дазваляюць фіксаваць такія парушэнні ПДР, як кіраванне без правоў. 

Пры гэтым сістэма пастаянна ўдасканальваецца. Напрыклад, цяпер у Менску ў тэставым рэжыме апрабоўваецца сістэма аўтаматычнай фіксацыі парушэнняў правілаў спынення і стаянкі транспартных сродкаў, а таксама праезду на забараняльны сігнал святлафора.

МУС адзначае, што за 15 апошніх гадоў колькасць загінулых у ДТЗ знізілася амаль у 4 разы. Пры гэтым колькасць зарэгістраванага транспарту павялічылася практычна на чвэрць.

У той жа час не таямніца тое, што з дапамогай тых самых відэакамер сілавікі ў Беларусі адсочваюць і палітычных апанентаў рэжыму Лукашэнкі. Удзельнікаў пратэстаў 2020 года дагэтуль пераследуюць па матэрыялах зробленых тады відэазапісаў.