Пададзена заяўка на рэгістрацыю Лукашэнкі на так званых прэзідэнцкіх выбарах. Цікава, што яе ўзначальвае Юрый Сянько, які зараз на пасадзе старшыні Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі.

Сянько – нараджэнец Карэліцкага раёну, ён выпускнік Гарадзенскага юрфаку, былы супрацоўнік, потым кіраўнік Гарадзенскай і Беларускай мытні, а пасля яшчэ пасол РБ у Кітаі.

Юрый Сянько ўзначальваў Мытны камітэт з 2014 па 2020 год, пасля тры гады быў паслом у Кітаі (2020 — 2023), а потым сакратаром ФПБ па эканамічных пытаннях.

Мяркуючы па новай місіі, так званым прафсаюзам будзе адведзена адна з ключавых роляў. Напомнім, што гарадзенскім прафсаюзам работнікаў дзяржустановаў з нядаўняга часу кіруе Іван Язэпчык, былы падначалены Сянько, таксама выпускнік Гарадзенскага юрфаку.