У Беларусі засуджаных раней па палітычных матывах, якія ўжо адбылі свой тэрмін, выклікаюць у міліцыю. Там ім выносяць “афіцыйнае папярэджанне”, якое яны абавязаны падпісаць.

Вядома пра выклікі людзей, якія стаяць на ўліку ў крымінальна-выканаўчых інспекцыях: і тых, хто адбыў тэрміны ў калоніях, і тых, хто знаходзяцца цяпер на “хіміі”. Дакумент, які ім падсоўваюць, даволі доўгі. Але сутнасць яго зводзіцца да таго, што нельга планаваць і здзяйсняць дзеянні, накіраваныя “на гвалтоўную змену канстытуцыйнага ладу, захоп або ўтрыманне дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам”.

Якія канкрэтна дзеянні пад гэтым маюцца на ўвазе — няясна. Верагодна, што гаворка ідзе нават пра рэпосты паведамленняў з каналаў, якія ўлады абвясцілі “экстрэмісцкімі”.