Палітвязень-журналіст Дзяніс Івашын хутчэй усяго зноў змешчаны ў штрафны ізалятар, паведамляе яго жонка Вольга Івашына. Па яе словах, лістоў ад мужа не было з 13 кастрычніка.

«Таму мы мяркуем, што прыкладна з гэтага часу ён знаходзіцца ў ШІЗА. Дакладныя тэрміны гэтага дадатковага пакарання нам невядомыя, але спадзяемся, што яно скончыцца як мага хутчэй і Дзяніс напіша нам», – напісала яна.

Дзяніс Івашын – гарадзенскі журналіст, вядомы сваімі расследаваннямі аб уплыве «русского мира» на Беларусь і Сірыю; скандальнай забудове ў Курапатах, а таксама аб пераходзе былых украінскіх беркутаўцаў у сілавыя структуры Беларусі.

14 верасня 2022 года за нібыта ўмяшанне ў дзейнасць супрацоўніка ўнутраных спраў і здраду дзяржаве прыгавораны да 13 гадоў і 1 месяца калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.