З новай інфармацыі Вярхоўнага суда РБ вынікае, што прызначана дата разгляду завочнай крымінальнай справы гарадзенскага грамадскага актывіста Ежы Грыгенчы. У рамках так званай спецвытворчасці Грыгенчу вінавацяць адразу па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэксу

частка 1 артыкулу 130 (Распальванне расавай, нацыянальнай ці рэлігійнай варожасці);

частка 1 артыкулу 361-4 (Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці)

частка 2 артыкулу 367 (Паклёп на Лукашэнку)

частка 1 артыкулу 368 (Абраза Лукашэнкі).

Грыгенчу “запрашаюць” з’явіцца ў будынак Гарадзенскага абласнога суду 11 лістапада бягучага году на 10.00.

Ежы Грыгенча цягам апошніх амаль чатырох гадоў не жыве ў Беларусі. Спецвытворчасць на яго пачалі яшчэ ў лістападзе 2023 году. Па месцы былога жыхарства актывіста прайшлі неаднаразовыя ператрусы, на маёмасць Грыгенчы і яго жонкі накладзены арышт. 

Ежы Грыгенча – ведамы гарадзенскі грамадска-палітычны актывіст, які шматразова затрымліваўся, штрафаваўся і быў зняволены на сутках у ІЧУ. Апошнія арышты паводле сфабрыкаваных адміністрацыйных справаў ён адбываў у жніўні 2020 году, тады яго завезлі адбываць 10-дзённы арышт ажно ў Слонім, потым у верасні адбываў арышт на 10 сутак у Гародні, у снежні – трое сутак у Гародні, а ў лютым 2021 года – трое сутак у Лідзе (тады ж яго аштрафавалі на 50 базавых велічынь).