Стала вядома, што 25 кастрычніка Вярхоўны суд прадказальна не задаволіў апеляцыйную скаргу публіцыста і праваабаронца Уладзіміра Хільмановіча.

Тым самым пацверджаны прысуд ад 19 жніўня бягучага году, калі Гарадзенскі абласны суд у асобе Ігара Собалева па сукупнасці артыкулаў завочна прызначыў Хільмановічу пазбаўленне волі тэрмінам на 5 гадоў у «папраўчай» калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і вялізны штраф – 1 тысяча базавых велічынь, што складае 40 тысяч беларускіх рублёў.

Што менавіта інкрымінавалі Уладзіміру Хільмановічу – дагэтуль дакладна невядома. Вядома толькі, што ў матэрыялах крымінальнай справы былі скрыншоты аўтарскага блогу з артыкуламі публіцыста.

Уладзімір Хільмановіч пракаментаваў сітуацыю: Мець нейкую ілюзію, што Вярхоўны суд падыдзе аб’ектыўна і законна да разгляду маёй апеляцыйнай скаргі было б верхам наіўнасці. Уся судовая сістэма ў цяперашняй Беларусі “заточана” вылучна на рэпрэсіўнасць і пераслед паводле палітычных матываў. Я перакананы, што не парушыў аніводнага артыкулу цяперашняга заканадаўства. Пацверджаннем гэтаму і тое, што фактычна сутнасць абвінавачання засакрэчана, засакрэчаны таксама так званы “адвакат”, які мусіў прадстаўляць мае інтарэсы на працэсе. Усе мае скаргі і звароты да адпаведных органаў з памкненнем даведацца юрыдычную сутнасць абвінавачання скончыліся нічым. Незаконны прысуд па маёй крымінальнай справе – гэта выразны палітычны пераслед за маю публіцыстычную, грамадскую і праваабарончую дзейнасць.