29 кастрычніка Вярхоўны суд РБ “разгледзеў” апеляцыйную скаргу гарадзенскай грамадскай актывісткі Вольгі Вялічкі і прадказальна пакінуў ранейшы прысуд у сіле.

Напомнім, што Гарадзенскі абласны суд 2 жніўня бягучага году ў парадку спецвытворчасці абвесціў прысуд па справе эксперткі ў галіне псіхалогіі, былой дырэктаркі дзіцячага хоспіса ў Гародні Вольгі Вялічкі. Суддзя Дзмітрый Бубенчык прызнаў яе вінаватай па шэрагу крымінальных артыкулаў і прызначыў ёй дзевяць гадоў зняволення, а таксама штраф 12 000 рублёў.

Пачалі Вялічку судзіць завочна 1 ліпеня. Яе звінавацілі ажно па 7-мі артыкулах Крымінальнага кодэксу. Працэс расцягнуўся на месяц. Раней на Вольгу пачыналі крымінальныя справы за «крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі, учынены ў буйным памеры» і за ўдзел у акцыі пратэсту.

Гарадзенскі дзіцячы хоспіс, якім яна кіравала раней, ліквідаваны па рашэнні гарадзенскіх уладаў, а сама Вольга са снежня 2020 года жыве за мяжой і працягвае працу па развіцці сістэмы паліятыўнай дапамогі дзецям і дарослым.

Нядаўна Вялічка выдала кнігу пра свет вачыма дзяцей палітвязняў «Ад двух да пятнаццаці. Мая мама ў турме».