
Толькі адзін Ленінскі раённы суд Гародні ў 2024 годзе разгледзеў 304 (!) “экстрэмісцкія” справы. Людзей судзілі па сумнавядомым артыкуле 19.11 КаАП — за нібыта распаўсюд “экстрэмісцкай” інфармацыі. Частка з засуджаных людзей была аштрафаваная, расказала ў інтэрв’ю газеце “Вечерний Гродно” небезвядомая суддзя Алена Пятрова.
Суддзя прывяла адзін з апошніх прыкладаў. У кастрычніку жыхарка Гародні на сваёй старонцы ў vk.com “захоўвала інфармацыйную прадукцыю, якая ўключана ў рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў”. Гэта прызналі “адміністрацыйным правапарушэннем” і прызначылі штраф — 1200 рублёў. Мабільны тэлефон канфіскавалі.

Елена Петрова
У ліпені-верасні ў Беларусі прайшлі не менш за 400 судоў паводле адміністрацыйных справаў, распачатых за палітыку. Самы распаўсюджаны артыкул — “распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў”. Паводле яго засудзілі як мінімум 380 чалавек.
