Вашай увазе рэгіянальны краязнаўчы каляндар Гарадзеншчыны на бягучы месяц.

1 лістапада

У лацінскім абрадзе сьвята Усіх Сьвятых.

40 гадоў таму (1984) – У Вільні памёр Пётра Сергіевіч, беларускі мастак. На Гарадзеншчыне расьпісаў касьцёлы ў Жодзішках, Солах (Смургонскі р-н), Поразаве (Сьвіслацкі р-н). Пахаваны на віленскіх вайсковых могілках на Антокалі.

2 лістапада

Дзяды, дзень памінаньня памерлых.

375 гадоў таму (1649) – Памёр Крыштоп Сцыпіён дэль Кампа (нар. каля 1578 г. у Гародні), рэлігійны дзеяч Рэчы Паспалітай.

65 гадоў таму (1959) – У Нью Ёрку памёр Аляксандар Орса, беларускі педагог, доктар прыродазнаўства, дзеяч беларускай эміграцыі (Нямеччына, ЗША). Пахаваны на беларускіх могілках у Нью-Брансьвіку. Нараджэнец мяст. Нягневічы (Наваградзкі р-н).

3 лістапада

345 гадоў таму (1679) – Памёр Аляксандар Палубінскі, ваенны дзеяч ВКЛ, слонімскі падкаморы, ваўкавыскі і слонімскі стараста.

4 лістапада

230 гадоў таму (1794) – Пры абароне прадмесьця Варшавы Прагі загінуў Якуб Ясінскі, вайсковы і палітычны дзеяч, інжынэр, паэт, адзін з кіраўнікоў паўстаньня 1794 г. Пахаваны пры варшаўскім касьцёле “На Камёнку”.

230 гадоў таму (1794) – Пры абароне прадмесьця Варшавы Прагі загінуў Павал Ян Грабоўскі (нар. у 1759 г.), дзяржаўны дзеяч ВКЛ, з 1783 г. стараста Ваўкавыскі.

5 лістапада

75 гадоў таму (1949) – У в. Несутычы (Наваградзкі р-н) нарадзіўся Вячаслаў Стома, беларускі пісьменьнік, прыродазнавец.

25 гадоў таму (1999) – Памёр Уладзімер Сідлярэвіч, дзеяч БКА, беларускай эміграцыі (Нямеччына, Аўстралія). Вучыўся ў Лідзе, працаваў настаўнікам у Васілішках. Пахаваны ў Мэльбурне.

6 лістапада

335 гадоў таму (1689) – У Дзярэчыне нарадзіўся Антон Казімір Сапега, дзяржаўны дзеяч ВКЛ.

10 гадоў таму (2014) – У Скідалі памёр Ільля Барысаў, беларускі журналіст, краязнавец, эколаг.

7 лістапада

10 гадоў таму (2014) – У Вялікай Бераставіцы адчынены краязнаўчы “Музей Вавёркі”.

8 лістапада

240 гадоў таму (1784) – У маёнтку Шаўры (Вараноўскі р-н) нарадзіўся Тодар Нарбут, гісторык, археолаг, краязнавец.

9 лістапада

55 гадоў таму (2009) – У горадзе Ашава (Канада) памёр Антон Маркевіч, беларускі грамадска-культурны дзеяч у эміграцыі (Канада). Нараджэнец Гародні.

10 лістапада

Сусьветны дзень навукі.

580 гадоў таму (1444) – Удзел палкоў ВКЛ у складзе аб’яднанага войска крыжакоў Польшчы і Вугоршчыны ў бітве пад Варнай супраць Асманскай імперыі.

50 гадоў таму (1974) – У Гародні адбыўся пуск першага тралейбуса.

12 лістапада

230 гадоў таму (1794) – У в. Гожна (?, Беласточчына) нарадзіўся Міхал Рукевіч, удзельнік вызвольнага руху, філамат. На пачатку 1820-ых жыў у Мількаўшчыне (Гарадзенскі р-н).

13 лістапада

35 гадоў таму (1989) – У Менску памёр Фёдар Янкоўскі, беларускі мовазнавец. Пахаваны на Усходніх могілках. Жыў і працаваў у Гародні.

14 лістапада

85 гадоў таму (1939) – Заходняя Беларусь была афіцыйна ўлучаная ў склад БССР.

10 гадоў таму (2014) – У Слоніме адкрылі знак “Герб гораду”.

17 лістапада

Міжнародны дзень студэнтаў

19 лістапада

240 гадоў таму (1784) – У вёсцы Вулька (Бельскі пав., Беласточчына) нарадзіўся Міхал Баброўскі, беларускі вучоны-славіст. У 1824-26 гг. працаваў у Жыровічах.

15 гадоў таму (2009) – У Менску памёр Анатоль Жук, беларускі артыст тэатру і кіно, пісьменьнік. Пахаваны ў в. Ярэмічы (Карэліцкі р-н).

22 лістапада

5 гадоў таму (2019) – У Вільні з удзелам прэзідэнтаў Летувы і Польшчы, урадавай дэлегацыі Беларусі, тысяч прыехаўшых беларусаў прайшло ўрачыстае перапахаваньне парэшткаў паўстанцаў 1863 года. Перапахаваны ў капліцы на могілках Росы 20 чалавек (у чарговасьці паводле даты пакараньня сьмерцю): Станіслаў Ішора, Раймунд Зямацкі, Баляслаў Колышка, Юльян Лясьнеўскі, Зыгмунт Серакоўскі, браты Аляксандр і Юзаф Раўкоўскія, Караль Сіповіч, Юзаф Яблонскі, Ян Бянькоўскі, Генрык Макавецкі, Уладзіслаў Нікаляй, Альберт Лясковіч, Казімір Сычук, Мечыслаў Дарманоўскі, Ігнат Здановіч, Цітус Далеўскі, Якуб Чэхан, Эдвард Чаплінскі, Ян Марчэўскі, Кастусь Каліноўскі.

23 лістапада

200 гадоў таму (1824) – У Рыме нарадзіўся Баляслаў Русецкі, мастак, які працаваў у Беларусі. Адзін час жыў у Гародні, зрабіў шэраг размалёвак у гарадзенскіх касьцёлах, алтарную карціну “Сьвяты Казімір” у гарадзенскай фары.

24 лістапада

135 гадоў таму (1889) – У мяст. Мір (Карэліцкі р-н) нарадзіўся Залман Шазар (сапр. Рубашоў), трэці прэзідэнт дзяржавы Ізраіль.

25 лістапада

310 гадоў таму (1714) – У маёнтку Дзятлава (Дзятлаўскі р-н) нарадзіўся Тамаш Жаброўскі, беларускі асьветнік, архітэктар, астраном, матэматык.

26 лістапада

Сусьветны дзень інфармацыі

160 гадоў таму (1864) – У Вільні памёр Тодар Нарбут, гісторык, археолаг, краязнавец. Пахаваны ў в. Нача (Вараноўскі р-н).

135 гадоў таму (1889) – На Віленшчыне нарадзіўся Вацлаў Раманоўскі, беларускі рымска-каталіцкі сьвятар. У 1922-36 гг. служыў пробашчам у Германішках (Вараноўскі р-н). Памёр ці згінуў пасьля 1939 г.

27 лістапада

355 гадоў таму (1669) – Нарадзіўся Караль Радзівіл, дзяржаўны і ваенны дзеяч ВКЛ. Валодаў Смаргонямі, Карэлічамі. Заснаваў базыльянскі манастыр у Міры.

35 гадоў таму (1989) – Памёр Кастусь Станкевіч (нар. у 1925 г. у мяст. Турэц, Карэліцкі р-н), дзеяч беларускай эміграцыі (Аўстралія).

29 лістапада

75 гадоў таму (1949) – У савецкім канцлягеры пад Тайшэтам забіты Адам Станкевіч (паводле інш. зьв. 4 сьнеж.), беларускі рымска-каталіцкі сьвятар, грамадзка-культурны дзеяч, асьветнік, культуролаг, выдавец, публіцыст. Нараджэнец в. Арляняты (Смургонскі р-н). Пахаваны на могілках Азярлага каля в. Шаўчэнкі.

30 лістапада

35 гадоў таму (1989) – У Гародні прайшла ўстаноўчая канферэнцыя Гарадзенскага гарадзкога аддзяленьня Таварыства Беларускай Мовы імя Францішка Скарыны.