Раённая газета “Перамога” расказала, што ў Дзятлаўскім раёне за “распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў” засуджана больш за дзесяць чалавек. Пра гэта паведаміў мясцовы пракурор Віталь Юрго. Хутчэй усяго, ён агучыў лічбу толькі за 2024 год.

Пракурор Дзятлаўскага раёна завітаў у бібліятэку ў Дзятлаве, дзе праходзіў прававы прыём грамадзян. Ён нагадаў прысутным “аб забароне на падпіску на экстрэмісцкія сайты”.

Раней пракуратура Дзятлаўскага раёна заклікала мясцовых жыхароў “кантраляваць свае падпіскі ў сацыяльных сетках”, правяраць, ці няма сярод іх тых каналаў, якія прызнаюцца “экстрэмісцкімі”. Днямі на пасяджэнні Дзятлаўскага райвыканкама гаварылі пра “экстрэмізм” у раёне. Было агучана, што за падпіску на тг-канал, прызнаны ў РБ “экстрэмісцкім”, да адказнасці прыцягнулі жанчыну. “За экстрэмізм” у дзяржаўны вышук аб’явілі жыхара аграгарадка Гезгалы, які нібыта “заклікаў беларусаў да змянення канстытуцыйнага ладу”.