
Апошні тыдзень у розных гарадах Гарадзенскай вобласці адбываюцца масавыя і жорсткія затрыманні, ператрусы і здзекі з людзей. Асабліва лютуюць сілавікі ў Смаргоні і Слоніме. Некаторых людзей судзяць паводле адміністрацыйных артыкулаў, на іншых пачалі крымінальныя справы. Вядомыя прозвішчы многіх затрыманых, але з гледзішча бяспекі іх пакуль нельга агучваць.
У Смаргоні і раёне «зачыстка» закранула ня менш чатырох дзясяткаў чалавек. «Працуюць» таксама лідскія аператыўнікі. Нагоды для затрымання людзей сама розныя: удзел у грамадскіх мірных акцыях яшчэ ў 2020 годзе, падпіскі на «крамольныя» сайты і тэлеграм-каналы, пастаўленыя подпісы ў 2020 годзе за кандыдатаў на выбарах, дапамога сем“ям палітвязняў, атрыманне дапамогі ад байсол і байхэлп. Некаторых затрымліваюць разам з жонкамі ці мужамі. Затрымліваюць і тых, хто пастаянна жыве ў горадзе і тых, хто вяртаецца з-за мяжы.
За падпіскі на «экстрэмісцкія рэсурсы» прысуджаюць пераважна суткі адміністрацыйнага арышту. Зняволенне арыштаваныя адбываюць у Астраўцы. На некаторых іншых пачатыя крымінальныя справы паводле артыкулаў 357 (Змова ці іншыя дзеянні, здзейсненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады) і 361 (Заклікі да санкцый ці іншых дзеянняў, якія шкодзяць нацыянальнай бяспецы).
У Слоніме было затрымана не менш дзесяці чалавек, у тым ліку вядомых людзей, некаторым ужо прысуджаны адміністрацыйны арышт на 15 сутак. Некаторым пагражаюць крымінальныя справы.
Такі тэрор супраць мірных грамадзян звязаны хутчэй усяго з электаральнай кампаніяй па афармленні чарговага тэрміна ўлады Лукашэнкі. Некаторых людзей папярэджваюць, што ў студзені новага году будзе чарговая хваля «зачысткі».
