Гісторык, археолаг, краязнавец Тодар Нарбут нарадзіўся 8 лістапада 1784 года ў маёнтку Шаўры (цяперашні Воранаўскі раён).


Паходзіў з старадаўняга шляхецкага роду гербу “Трубы”. Бацька – адстаўны паручнік гвардыі Яўхім Остык-Нарбут, маці Ізабэла з роду Наніевічаў. Вёў свой радавод ад лідскіх князёў. Пачатковую адукацыю атрымаў у Шаўрах. Скончыў піярскі каледж у Любешаве, вучыўся ў Лідзе. У 1803 годзе скончыў Віленскі ўніверсітэт і неўзабаве быў прыняты ў Пецярбургскі кадэцкі корпус. Удзельнічаў у расейска-пруска-французскай вайне 1806-07 гг., расейска-шведскай вайне 1808-09 гг. У 1807 годзе паранены ў рукапашным баі пад Астраленкай, потым паранены ў руку пад Тыльзітам. Быў капітанам інжынерных войскаў. За будаўніцтва батарэі на востраве Руген і мужнасць у баях узнагароджаны ордэнам Святой Ганны. Стаў аўтарам пачатковага праекту і адным з кіраўнікоў будаўніцтва Бабруйскай фартэцыі.

З 1812 года, калі Нарбут жыў у сваім маёнтку, ён займаўся даследзінамі гісторыі Вялікага Княства Літоўскага. Цягам усяго жыцця быў актыўным сябрам Віленскай археалагічнай камісіі, вёў шматлікія археалагічныя раскопкі – спярша на Падняпроўі, пасля на радзіме. Адзін з першых на беларускіх землях вызначыў, што курганы – гэта месцы старажытных пахаванняў. Апісаў руіны крэпасці на Нёмане ля вёскі Лыскава (цяпер Пружанскі раён). Даследаваў Лідскі замак. Адшукаў у Старым Быхаве адну з першых хронік 16 стагоддзя. Пісаў Тодар Нарбут па-польску, але быў вялікім патрыётам гістарычнай Літвы.

канверт у гонар Тодара Нарбута

Расейскія акупацыйныя ўлады вінавацілі Нарбута ў распрацоўцы планаў захопу бабруйскай фартэцыі і Вільні ў час паўстання 1830-31 гадоў, адліўцы гарматаў і каардынацыі дзеянняў паўстанцаў, аднак не здолелі даказаць такога чыннага ўдзелу Нарбута.

Дзеці Тодара Нарбута бралі актыўны ўдзел у вызвольным паўстанні 1863 года. Старэйшы сын Людвік узначальваў паўстанцкі аддзел на Лідчыне і загінуў у час боя пад Дубічамі (цяпер Літва); малодшы Баляслаў быў асуджаны на смерць, аднак пазней ягонае пакаранне было замененае на пажыццёвае зняволенне. Адзіная дачка была змушаная ўцячы з краіны і завочна прысуджаная да катаргі. Сам Тодар Нарбут з жонкаю Хрысцінай былі асуджаныя на высылку ў Сібір, хоць у дачыненні да яго прысуд ня быў выкананы з прычыны хваробы. Жонка атрымала дазвол на вяртанне з Пермскай губерні толькі ў 1871 годзе, аднак Нарбут болей з ёй ня ўбачыўся, бо ён памёр у Вільні.

Помнік у Шаўрах

Тодара Нарбута нездарма называюць бацькам айчыннай гістарыяграфіі. Пасля сябе ён пакінуў грунтоўную 9-томную “Гісторыю літоўскага народу”, якая выдавалася ў 1835-41 гадах. У ёй апісваюцца падзеі да 1569 года. ВКЛ 16-га стагоддзя лічыў залатым векам у гісторыі Беларусі. У “Гісторыі…” шмат месца адведзена беларускаму народу, яго мове і пісьменнасці. Выданне змяшчае шмат цікавых звестак пра Менск, народныя абрады беларусаў Лідчыны. Апублікаваў шэраг гістарычных крыніцаў, у тым ліку ў 1846 годзе “Хроніку Быхаўца”. Для сваёй працы выкарыстаў беларускія летапісы і “Хроніку польскую літоўскую, жамойцкую і ўсяе Русі” Мацея Стрыйкоўскага. Займаўся пытаннямі старажытнай міфалогіі, этнаграфіі, фалькларыстыкі. Пакінуў Нарбут і мураваную памяць – у 1847-52 гадах збудаваў у Эйшышках парафіяльную царкву.

Цікавінка

Тодар Нарбут называў некаторыя даты і выказваў версіі інтуітыўна. У многіх выпадках яны пазней выяўляліся рэальнымі. Прыкладам – гіпотэза пра заснаванне кіеўскім князем Уладзімірам Святаславічам Заслаўя.

Памяць

Памёр Тодар Нарбут 26 лістапада 1864 года ў Вільні.

Пахаваны ля парафіяльнага касцёлу ў мястэчку Нача (цяперашні Вараноўскі раён). У суседніх Шаўрах пахаваны жонка і сын Баляслаў. Там жа пры могілках усталяваны памятны камень паўстанцам. У Вільні на будынку ўніверсітэту на памятных шыльдах змешчана і прозвішча Тодара Нарбута. Яго імя мае вуліца ў Вільні.