Стала вядома, што 11 лістапада завочны працэс супраць гарадзенскага грамадскага актывіста Ежы Грыгенчы будзе весці суддзя Васіль Скок.

У рамках так званай спецвытворчасці Грыгенчу вінавацяць адразу па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэксу

частка 1 артыкулу 130 (Распальванне расавай, нацыянальнай ці рэлігійнай варожасці);

частка 1 артыкулу 361-4 (Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці)

частка 2 артыкулу 367 (Паклёп на Лукашэнку)

частка 1 артыкулу 368 (Абраза Лукашэнкі).

Ежы Грыгенча цягам апошніх амаль чатырох гадоў не жыве ў Беларусі. Спецвытворчасць на яго пачалі яшчэ ў лістападзе 2023 году. Па месцы былога жыхарства актывіста прайшлі неаднаразовыя ператрусы, на маёмасць Грыгенчы і яго жонкі накладзены арышт. 

Судддзя Васіль Скок некалі працаваў у Ваўкавыску. Быў дэпутатам Вярхоўнага савету 13-га склікання. Потым пачаў працаваць суддзём Гарадзенскага абласнога суду. Ал палітычна матываваных працэсаў стараўся ўхіляцца. Аднак пазней стаў саўдзельнікам палітычных рэпрэсій, хоць вёў ня так шмат палітычных карных судоў. Яшчэ да рэпрэсій 2020 году не задаволіў шэраг касацыйных скаргаў незаконна засуджаных грамадскіх актывістаў Гарадзеншчыны па адміністрацыйных справах.

Скок абвяшчаў абвінаваўчыя прысуды па палітычна матываваных справах, дзе прысудзіў штрафы на агульную суму не менш за 540 рублёў.

19 верасня 2022 года прыгаварыў Андрэя Сачэўку да 6 гадоў пазбаўлення волі з адбываннем у калоніі ўзмоцненага рэжыму за размяшчэнне «экстрэмісцкіх» матэрыялаў у сацыяльнай сетцы. Вядома, што Сачэўка мае расстройства асобы.

17 лютага 2023 года асудзіў падпалкоўніка запасу Андрэя Быкава і прызначыў яму 5 гадоў пазбаўлення волі за каментары ў інтэрнэце.

2 сакавіка 2023 года прыгаварыў былога супрацоўніка сілавых органаў Андрэя Шкляра да 10 гадоў пазбаўлення волі за “здраду дзяржаве”.

Са жніўня 2024 года Скок знаходзіцца пад санкцыямі Еўразвяза. У тым жа месяцы ён патрапіў пад санкцыі Швайцарыі.